У алгебраічнай школы ёсць будучыня (Настаўніцкая газетa)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 01/02/2021 - 12:41

Складана пераацаніць ролю маладых вучоных у развіцці сучаснай навукі, грамадства, дзяржавы. Спецыялісты ў сваіх галінах, яны генерыруюць новыя ідэі, прапануюць нестандартныя шляхі вырашэння задач. Менавіта такім таленавітым даследчыкам з’яўляецца старшыня Савета маладых вучоных Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны старшы выкладчык кафедры алгебры і геаметрыі Вячаслаў МУРАШКА.

Вячаслаў Мурашка чатыры разы станавіўся лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, тройчы — лаўрэатам конкурсу навуковадаследчых

Вячаслаў МУРАШКА
Вячаслаў МУРАШКА

работ студэнтаў. Уладальнік Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатныя поспехі ў вучобе, высокія паказчыкі ў навуковай і грамадскай дзейнасці. Вынікі даследаванняў Вячаслава Мурашкі адлюстраваны ў 93 навуковых публікацыях, 30 з якіх — са спіса ВАК Беларусі, 13 артыкулаў — у часопісах з міжнародным імпакт-фактарам. Малады даследчык расказаў пра свой шлях у навуку і за што паважае матэматыку.

— Вячаслаў, як уладальнік шматлікіх узнагарод якімі сваімі дасягненнямі вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Я не магу назваць нешта адно. Усе медалі і дыпломы рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў узаемазвязаны. Кожная перамога важная для мяне. Акрамя сваіх узнагарод, вельмі ганаруся вынікамі навукова-даследчай дзейнасці сваіх вучняў. З’яўляючыся кіраўніком філіяла кафедры алгебры і геаметрыі, што дзейнічае на базе гімназіі № 71 Гомеля, я рыхтую школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах і міжнародных конкурсах. Трэба адзначыць, што яны ўжо неаднойчы парадавалі нас, сваіх выкладчыкаў, высокімі дасягненнямі.

— У свой час вы маглі паступіць у любы ўніверсітэт. Чаму выбралі менавіта ГДУ імя Францыска Скарыны?

— Такое рашэнне прыняў таму, што ў гэтым універсітэце працуе мой навуковы кіраўнік — доктар фізіка-матэматычных навук Аляксандр Фёдаравіч Васільеў. Я пачаў працаваць пад яго кіраўніцтвам яшчэ школьнікам. Ён суправаджаў мяне ў студэнцкія гады, у магістратуры і аспірантуры. Дарэчы, матэматычны факультэт ГДУ скончыла і мая мама.

— На ваш погляд, як матэматыка дапамагае ў жыцці?

— Матэматыка мне падабаецца многім: яна не патрабуе складанага абсталявання, многія яе с цвярджэнні простыя і зразумелыя, але ўяўляюць сур’ёзны выклік — іх доказы аказваюцца цяжкімі. Часта бывала, калі я, здавалася, даказаў факт, але пры яго запісе выяўлялася памылка, якая рабіла доказ няслушным. Матэматыка развівае крытычнае мысленне — вельмі важную рэч у сучасным свеце. Алгебра таксама развівае абстрактнае і сістэмнае мысленне, што дапамагае ў рабоце над складанымі праектамі.

— Зараз усе імкнуцца у IT-сферу, а вы застаяцеся адданым навуцы. Чаму?

— Я бачу тут перспектывы і магчымасці росту. І ўніверсітэцкі графік работы мне падабаецца больш, чым графікі маіх сяброў з ІТ-сферы.

— Вячаслаў, у мінулым годзе вы датэрмінова скончылі аспірантуру, прайшоўшы папярэднюю экспертызу i абараніўшы ў савеце дысертацыю. Колькі гадоў вы працавалі над дысертацыйным даследаваннем?

— Тэма маёй дысертацыі — “Кампазіцыйныя фармацыі і абагульнена гіперцэнтральныя падгрупы канчатковых груп”. Можна сказаць, што па гэтым напрамку я працую з 11 класа. Працягнуў даследаванні ўжо студэнтам, магістрантам, аспірантам.

— Раскажыце пра сваіх настаўнікаў.

— Першапачаткова ў школе я трапіў у эксперыментальны клас, навучанне ў якім праходзіла па методыцы развіццёвага навучання Эльконіна і Давыдава. Спачатку мне вельмі дапамаглі настаўнікі Галіна Абраменка, Таццяна Ёрш, Леанід Прыходзька. З сярэдняй школы актыўна займаўся матэматыкай пад кіраўніцтвам Ірыны Ганчарэнка. З 9 класа са мной у рамках СНДЛ “Алгебра і геаметрыя складаных сістэм” займаўся Дзмітрый Сіманенка, а з 11-га — Аляксандр Васільеў. Я вельмі ўдзячны ўсім гэтым людзям, з якімі па сённяшні дзень працягваю супрацоўнічаць у плане перадачы ведаў новым пакаленням.

Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры алгебры і геаметрыі:
— Вячаслаў Мурашка — дапытлівы і мэтанакіраваны даследчык, з якім вельмі прыемна працаваць. Яшчэ са школьных гадоў ён праяўляў цікавасць да матэматыкі, і гэта нядзіўна. Бацькі маладога вучонага, Ігар Аляксандравіч і Валянціна Сямёнаўна, працуюць у ГДТУ імя П.В.Сухога. Ігар Мурашка — доктар навук. Менавіта яны прывілі сыну цікавасць да навукі, сціпласць, шырокі кругагляд. Так, ва ўзаемадзеянні сям’і і школы, пры актыўным удзеле самога хлопца нарадзіўся незвычайны талент. Як навуковы кіраўнік Вячаслава Мурашкі сваёй задачай лічу падтрымліваць яго ініцыятыву і накіроў ваць творчыя імкненні.

— Якім, на вашу думку, павінен быць сучасны малады навуковец?

— Мэтанакіраваным. Зараз існуе шмат магчымасцей і цікавых праектаў, галоўнае — не страціць час.

— Якія мэты і задачы ставіце для сябе на будучыню?

— Я пачаў работу над адным праектам, які выходзіць за рамкі маіх папярэдніх даследаванняў. Хачу яго завяршыць.

— Дзякуй вялікі, Вячаслаў Ігаравіч. Жадаем вам далейшых поспехаў на ніве беларускай навукі.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.

Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Фотоотчёт