Інавацыйная прастора філолага: Рэаліі і перспектывы

У ГДУ імя Ф. Скарыны адбыўся Міжнародны навукова-метадычны семінар «Інавацыйная прастора філолага: рэаліі і перспектывы». Арганізатарамі мерапрыемства выступіла наша вну, Мелітопальскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Багдана Хмяльніцкага, навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ, асветніцка-інфармацыйны цэнтр «Інавацыйныя гарызонты ўкраінскай славеснасці».

Ініцыятары навукова-метадычных майстар-класаў абралі надзвыйчай актуальную ў сённяшніх адукацыйных реаліях тэму – выкарыстанне электронных сродкаў навучальнага прызначэння ў працэсе выкладання філалагічных дысцыплін.

Міжнародны навукова-метадычны семінар праводзіўся на базе філалагічнага факультэта і стаў вынікам плённага доўгатэрміновага супрацоўніцтва кафедры беларускай мовы ГДУ з філалагічным факультэтам Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Запарожская вобласць, Украіна).

Госці з Украіны – выкладчыкі кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры – к.ф.н., дацэнт, загадчык кафедры Таццяна Міхайлаўна Шарова і к.ф.н., дацэнт кафедры Аліна Віктараўна Зямлянская – расказалі аб стварэнні і выкарыстанні электронных сродкаў навучання пры выкладанні ўкраінскай і замежнай літаратур, прапанавалі падрыхтаваныя імі электронныя сродкі навучальнага прызначэння «Тарасавымі сцежкамі» (Т.М. Шарова, С.В. Шароў), «Гісторыя ўкраінскай літаратуры 40-60-х гг. ХІХ ст. “Апостал праўды і навукі”» (Т.М. Шарова, В.О. Краўчанка, С.В. Шароў), «Гісторыя ўкраінскай літаратуры І паловы ХІХ ст.» (Т.М. Шарова, С.В. Шароў), «Гісторыя ўкраінскай літаратуры ХХ ст. Творчасць К. Гардзіенка» (Т.М. Шарова, С.В. Шароў), «Гісторыя замежнай літаратуры XVII-XVIII ст.» (Т.М. Шарова, А.В. Зямлянская, С.В.Шароў) і інш.

Уласным метадычным вопытам выкладання лінгвістычных дысцыплін падзяліліся з калегамі выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны, сярод якіх – д.ф.н., прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Аляксееўна Ляшчынская, к.ф.н., дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры Наталля Паўлаўна Капшай, к.ф.н., дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Вольга Мікалаеўна Мельнікава, к.ф.н., дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Арцём Леанідавіч Стрыжак.

Прыватныя пытанні выкарыстання электронных падручнікаў па філалагічных дысцыплінах закранулі ў сваіх выступленнях студэнткі філалагічнага факультэта ўкраінскага ўніверсітэта Валянціна Таран і Аліса Балаева.

Заяўленая тэма навукова-метадычнага семінара выклікала вялікую цікавасць не толькі выкладчыкаў і студэнтаў ГДУ. Майстар-класы ўкраінскіх і беларускіх калег наведалі прадстаўнікі іншых вну Гомеля, аб’ектам чыёй навукова-метадычнай дзейнасці з’яўляецца выкладанне філалагічных дысцыплін. У рабоце семінара прыняла ўдзел загадчык кафедры замежных моў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, к.ф.н., дацэнт Ірына Анатольеўна Бароўская.

Аб надзённасці тэмы і актуальнасці формы правядзення сустрэчы сведчыць увага, з якой студэнты, аспіранты, магістранты разам са сталымі навукоўцамі і выкладчыкамі слухалі паведамленні калег.

Па выніках семінара буде падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, у якім змешчаны навукова-метадычныя працы беларускіх і ўкраінскіх філолагаў, прысвечаныя асаблівасцям стварэння электронных падручнікаў па філалагічных дысцыплінах.

Праведзеная міжнародная навукова-метадычная сустрэча паказала карысць падобных міжнародных форумаў, якія праз абмен вынікамі навуковых даследаванняў і новымі метадычнымі распрацоўкамі спрыяюць развіццю адукацыйнага ўзроўню, і неабходнасць правядзення мерапрыемстваў падобнага фармату, што спрыяе міжнароднаму ўзаемадзеянню.

А.Ермакова,

К.Хазанава

Фота Галіны Ласаевай

 

dsc_0529

dsc_0494

dsc_0496

dsc_0497

dsc_0498

dsc_0499

dsc_0500

dsc_0502

dsc_0503

dsc_0504

dsc_0509

dsc_0512

dsc_0518

dsc_0521

dsc_0522

dsc_0526

dsc_0527