На Гомельшчыне, малой радзіме Івана Навуменкі, знаўцаў мастацкага слова ў чарговы раз аб’ядналі міжнародныя навуковыя чытанні «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах». Навуковы форум, прысвечаны памяці народнага пісьменніка Беларусі, прайшоў у Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Ф. Скарыны.
16 лютага бягучага года народны пісьменнік Беларусі Іван Якаўлевіч Навуменка адзначыў бы 100-годдзе з Дня нараджэння. Іван Навуменка — удзельнік партызанскага руху і франтавік, заслужаны дзеяч навукі, старшыня Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалер пяці ордэнаў. У 1973–1982 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1982 года — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Празаік, літаратуразнаўца, акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар нарадзіўся на Гомельшчыне, у гарпасёлку Васілевічы. На малой радзіме старанна захоўваюць памяць аб выбітным земляку. Гэта таленавітая асоба і сёння працягвае натхняць пачынаючых і сталых навукоўцаў даследаваць мастацкае слова.
Нязменным арганізатарам міжнародных навуковых чытанняў «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах» выступае кафедра беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.
Як нагадала доктар філалагічных навук, прафесар ГДУ імя Ф. Скарыны Анжэла Мельнікава, 15 жніўня 2008 года Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджаны план мерапрыемстваў па ўвекавечанню памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Адно з важных мерапрыемстваў у гэтым шэрагу — гомельскі навуковы форум «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах».
— Прайшло ўжо восем навуковых форумаў. Удзел у канферэнцыі традыцыйна прымаюць самыя вядомыя вучоныя нашай краіны і замежныя госці. Удзельнікамі чытанняў за гэты час станавіліся навукоўцы з больш як дзесяці краін свету, — звярнула ўвагу Анжэла Мікалаеўна.
Работа канферэнцыі адбывалася ў трох секцыях. Спадчына Івана Навуменкі разглядалася ў кантэксце сучаснага літаратурнага працэсу, асэнсоўвалася праблематыка Вялікай Айчыннайвайны ў творчасці пісьменніка, сусветная літаратура ў беларускай культурнай прасторы і іншыя.
Дарэчы, за час правядзення склаліся ўжо і пэўныя традыцыі міжнародных навуковых чытанняў. На канфереэнцыі ў розны час прысутнічалі дзеці Івана Якаўлевіча Навуменкі: кандыдат медыцынскіх навук Валерыя Іванаўна Навуменка, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Таццяна Іванаўна Навуменка і кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ Павел Іванавіч Навуменка.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
https://zviazda.by/be/news/20250216/1739687119-pamyac-pra-ivana-navumenku-zahouvayuc-u-gomeli