На філалагічным факультэце праведзены “Дзень адчыненых дзвярэй”

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 08/01/2024 - 14:22

5 студзеня 2024 года ў рамках зімовых канікул школьнікаў на філалагічным факультэце быў праведзены “Дзень адчыненых дзвярэй”. Адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічалі вучні наступных навучальных устаноў: ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 49 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 52 г. Гомеля”, ДУА “Сярэдняя школа № 60 г. Гомеля”, ДУА “Гімназія № 36 г.Гомеля імя І. Мележа”, ДУА “Рэчыцкі раённы ліцэй”, ДУА “Гомельская Ірынінская гімназія”, некаторыя вучні прыехалі з бацькамі. Дзяцей цікавілі спецыяльнасці факультэта, іх спецыфіка, пытанні паступлення, пражывання, магчымасці авалодання іншымі мовамі, стажыроўкі за мяжой, працэс навучання ў цэлым, размеркаванне і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў. Цікавую прэзентацыю факультэта падрыхтавала і прадэманстравала ініцыятыўная група студэнтаў у складзе Казлякоўскага Аляксея (гр.БЗА-21) і Магілат Анастасіі (гр. РФ-11), а таксама вуням прапанавалі займальны матэрыял у выглядзе шарад “Адгадай слова”, кожны правільны адказ узнагароджваўся прызам.

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Вучняў правялі па кабінетах і музеях факультэта.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н., прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучням у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага і іншых факультэтаў нашага ўніверсітэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!

Фотоотчёт