З Гомеля ў Шанхай, з Шанхая — у Гомель (Сайт «ng-press.by»)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - вт, 24/05/2022 - 15:50

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны ўпершыню трапіў у Глабальны рэйтынг навуковых устаноў SCImago Institutions Rankings — ён разлічваецца ў тым ліку па такіх паказчыках, як вынікі даследаванняў УВА і ўзровень іх міжнароднага супрацоўніцтва. 

Пра тое, якія перспектывы для студэнтаў і развіцця навукі адкрываюць міжнародныя сувязі, расказаў рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сяргей ХАХОМАЎ.

Міжнародныя эксперыменты

— Сяргей Анатольевіч, у сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў Webometrics ГДУ імя Ф.Скарыны займае 3-е месца сярод УВА краіны. Дзякуючы чаму ўдаецца ўтрымліваць такую высокую пазіцыю?

— Насамрэч існуе вялікая колькасць розных рэйтынгаў, але толькі некалькі з іх з’яўляюцца найбольш аб’ектыўнымі і прэстыжнымі. Высокая пазіцыя ў рэйтынгах не з’яўляецца самамэтай для ўніверсітэта, але ў пэўнай ступені гэта ацэнка нашай работы. Напрыклад, нядаўна быў апублікаваны абноўлены міжнародны рэйтынг (SIR), у які ўпершыню ўвайшоў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. У агульным рэйтынгу ўніверсітэтаў свету ГДУ імя Ф.Скарыны займае 739-е месца. Сярод беларускіх УВА — 2-е месца, саступіўшы верхнюю прыступку Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. У прадметнай галіне “Матэматыка” наш універсітэт займае 1-е месца ў краіне.

Webometrics — гэта найбуйнейшы акадэмічны рэйтынг больш як 30 тысяч вышэйшых навучальных устаноў. Ён разлічваецца двойчы ў год групай Cybermetrics Нацыянальнага даследчага савета зыходзячы з навукова-даследчых дасягненняў ВНУ, уплыву ў інтэрнэт-прасторы, а таксама ацэнкі зместу і папулярнасці вэб-сайтаў. Пастаянна паляпшаючы менавіта гэтыя кірункі нашай работы, універсітэту ўдаецца ўтрымлі­ваць высокую пазіцыю ў рэйтынгу. Сёлета наш універсітэт таксама трапіў у класічны рэйтынг THE (Times Higher Education) па якасці адукацыі з пазіцыяй 601-800 у свеце.

— Якія найбольш маштабныя ідэі былі рэалізаваны сумесна з замежнымі партнёрамі?

— Можна адзначыць, што дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву ў ГДУ імя Ф.Скарыны створаны сумесныя магістратуры з Маскоўскім інстытутам электроннай тэхнікі (МІЭТ) і Курскай акадэміяй дзяржаўнай і муніцыпальнай службы. Таксама паспяхова працуе сумесная аспірантура з Універсітэтам Сідзуока (Японія). За апошнія гады нашы выпускнікі абаранілі 5 дысертацый на саісканне ступені доктара філасофіі (PhD) па фізіцы, і сёння ва Універсітэце Сі­дзуока навучаецца адзін супрацоўнік нашай УВА.

— У супрацоўніцтве са студэнтамі з універсітэтаў — партнёраў па міжнароднай дзейнасці вам удалося ўвасобіць не адзін унікальны праект… 

— Гэта сапраўды так. Напрыклад, у 2020—2021 гадах ГДУ імя ­
­Ф.Скарыны прымаў удзел у рэалізацыі ўнікальнага міжнароднага праекта “Неразбуральныя мультыаналітычныя метады даследавання стараверскіх абразоў веткаўскага музея”, над якім працавалі выкладчыкі, магістранты і студэнты факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Партнёрамі па праекце былі ўніверсітэт Палерма і Інстытут нізкіх тэмператур і структурных даследаванняў Польскай акадэміі навук. Мэта праекта — даследаванне абразоў, якія захоўваюцца ў Веткаўскім музеі стара­абрадніцтва і беларускіх традыцый. Стараверскія абразы складаюць велізарны пласт гістарычнай спадчыны Беларусі, а іх захаванне дазваляе глыбей вывучыць звычаі нашай краіны, а таксама даведацца, у які канкрэтна час, якім мастаком і якімі фарбамі быў напісаны пэўны абраз. Таксама дзякуючы даследаванню можна ўбачыць, быў абраз напісаны адразу ці малюнак карэкціраваўся. Безумоўна, можна вызначыць яго стан у цяперашні момант і выпрацаваць рэкамендацыі па далейшым захоўванні. Усе даследаванні праводзяцца з дапамогай неразбуральных спектра­скапічных метадаў з выкарыс­таннем партатыўных інструментаў непасрэдна ў Веткаўскім музеі.

У Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій арганізаваны цэнтр вывучэння Беларусі, школа дзюдо алімпійскага чэмпіёна Ігара Макарава, лабараторыі мікрабіялогіі, псіхалогіі, робататэхнікі (сумесна з Гомельскім тэхнапаркам), STEM-цэнтр, стартап-цэнтр і інш.

— Ужо 10 гадоў ва ўніверсітэце працуе Кітайска-Беларус­кая навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. Чым была выклікана неабходнасць адкрыцця такой жа лабараторыі ў Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій? 

— Наша лабараторыя займаецца распрацоўкай і даследаваннямі ў галіне вакуумна-плазменных тэхналогій. У ёй выкананы праекты, уключаныя ў беларуска-кітайскую праграму навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, “Распрацоўка метадаў фарміравання і даследавання ўласцівасцей нанакампазіцыйных, легіраваных арганічных і неарганічных пакрыццяў з актыўнай газавай фазы” і “Фарміраванне плазменнымі і іонна-прамянё­вымі метадамі пакрыццяў складанага складу на аснове вугляроду і нітрыдаў металаў, вывучэнне іх уласцівасцей”. У лабараторыі выкананы кантракты на выраб і пастаўку абсталявання ў Кітай для нанясення пакрыццяў з актыўнай фазы. Паколькі лабараторыя сумесная, то для эксплуатацыі і правядзення даследаванняў з выкарыстаннем пастаўленага на экспарт абсталявання ў Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій была адкрыта лабараторыя, якую ўзначальвае ганаровы доктар ГДУ прафесар Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій Джанг Сянь Хун.

— Над чым сёння працу­юць навукоўцы ў міжнароднай Кітайска-Беларускай навуковай лабараторыі электра­­магнітных метаматэрыялаў і тэхналогіі шматфункцыянальных плазменных пакрыццяў? 

— Лабараторыя займаецца даследаваннем і праектаваннем прылад і матэрыялаў, неабходных для стварэння палярызацыйных фільтраў і камутатараў мікрахвалевага выпраменьвання новага тыпу. Яны заснаваны на канцэпцыі шматпікавага паглынання, напрыклад, селектыўных па частаце і палярызацыі адбівальнікаў, прарывальнікаў, пераўтваральнікаў палярызацыі выпраменьвання. Апошнім часам у рамках сумеснага праекта з Пекінскім політэхнічным інстытутам некалькі эксперыментальных узораў метапаверхняў былі выраблены і даследаваны з мэтай стварэння ўльтратонкіх частотна- і палярызацыйна-селектыўных метапаверхняў, што паглына­юць электрамагнітныя выпра­мень-­
ванні.

Экспарт навуковых паслуг

— У Шанхайскім інстытуце індустрыі, камерцыі і замежных моў таксама быў адкрыты філіял вашай УВА. Ці карыс­таецца папулярнасцю сярод кітайскіх студэнтаў навучанне па рускай філалогіі?

— Дзякуючы супрацоўніцтву з Шанхайскім прафесійным інстытутам індустрыі, камерцыі і замежных моў, у снежні 2017 года на базе ВНУ-партнёра быў адкрыты філіял ГДУ імя Ф.Скарыны — Гомельскі інстытут. 

На базе філіяла вядзецца сумесная падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці “Руская філалогія”, якая цікавая студэнтам. Два з паловай гады кітайскія студэнты навучаюцца ў Шанхаі, затым два наступныя гады праходзяць падрыхтоўку ў Гомелі, дзе атрымліваюць дыплом бакалаўра. Пасля заканчэння навучання на I ступені вышэйшай адукацыі ў выпускнікоў ёсць магчымасць працяг­нуць навучанне ў магістратуры ГДУ імя Ф.Скарыны. За час рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы ўжо былі тры выпускі студэнтаў. Апошні выпуск адбыўся не так даўно, у лютым бягучага года. Студэнтам з ліку грамадзян КНР былі ўручаны дыпломы міжнароднага ўзору аб вышэйшай адукацыі I ступені і прысвоена кваліфікацыя “Філолаг. Выкладчык рускай мовы і літаратуры. Спецыяліст па камп’ютарнай філалогіі”. Таксама ў лютым ва ўніверсітэт прыехалі 14 новых студэнтаў, якія прайшлі навучанне ў філіяле ГДУ імя Ф.Скарыны ў Шанхаі і будуць працягваць навучанне ў Гомелі.

Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву ў ГДУ імя Ф.Скарыны створаны сумесныя магістратуры з Маскоўскім інстытутам электроннай тэхнікі (МІЭТ) і Курскай акадэміяй дзяржаўнай і муніцыпальнай службы. Таксама паспяхова працуе сумесная аспірантура з Універсітэтам Сідзуока (Японія). 

— Сёння ў сферы адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю навукі. Якімі дасягненнямі ўніверсітэта вы як рэктар ганарыцеся?

— Навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце праводзяцца па розных напрамках: не толькі ў галіне тэхнічных і фізіка-матэматычных навук, але і па эканамічных, грамадскіх і гуманітарных навуках. Так, даследаванні навукоўцаў гомельскай школы алгебраістаў вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Даследаванні праводзяцца сумесна з навуковымі супольнасцямі Расіі, Кітая, Іспаніі, Венгрыі і іншых краін. Пры актыўнай падтрымцы Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў право­дзяцца даследаванні ў галіне фізікі фундаментальных узаема­дзея­нняў мікра- і макрасвету. Фізікі-тэарэтыкі нашага ўніверсітэта ўвайшлі ў склад міжнародных навуковых калабарацый па эксперыментальнай фізіцы высокіх энергій, створаных пры Еўрапейскай лабараторыі па фізіцы часціц (ЦЕРН, Жэнева), і пастаянна ўдзельнічаюць у сумесных даследаваннях. Таксама праводзяцца даследаванні гістарычна-культуралагічных праблем Гомельскага рэгіёна і краіны ў цэлым, па выніках якіх выдаюцца манаграфіі і фальклорныя зборнікі.

Хочацца адзначыць сумесныя даследаванні, якія право­дзяц­ца на базе міжнародных лабараторый, што функцыянуюць ва ўніверсітэце: міжнароднай Кітайска-Беларускай навуковай лабараторыі па вакуумна-плазменных тэхналогіях, Польска-Беларускай навуковай лабараторыі золь-гель матэрыялаў і тэхналогій і міжнароднай Кітайска-Беларускай навуковай лабараторыі электрамагнітных метаматэрыялаў і тэхналогіі шматфункцыянальных плазменных пакрыццяў. Выкананне сумесных навуковых даследаванняў спрыяе як выкарыстанню перадавога замежнага вопыту, пашырэнню навуковых сувязей з сусветнай навуковай грамадскасцю, так і прыцягненню дадатковых фінансавых сродкаў для развіцця ВНУ. Так, за апошнія гады навукоўцамі ўніверсітэта выканана 17 навукова-даследчых работ сумесна з арганізацыямі і навуковымі ўстановамі КНР. Экспарт навуковых паслуг і тавараў у КНР за гэтыя гады склаў каля 500 тысяч долараў. 

— Сяргей Анатольевіч, сёння УВА трэба не толькі своечасова рэагаваць на сучасныя тэндэнцыі, але і быць на крок наперадзе падчас падрыхтоўкі спецыялістаў. Ці ўдаецца вам гэта?

— Наша УВА аператыўна рэагуе на сучасныя тэндэнцыі. Так, за апошнія гады адкрыты шэраг новых спецыяльнасцей, сярод якіх “Бізнес-адміністраванне”, “Эканамічная інфарматыка”, “Лінгвіс­тычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)”, “Камп’ютарная бяспека”, “Руская мова і літаратура”, “Замежная мова (англійская, кітайская)”, “Спартыўна-педагагічная дзей­насць (трэнерская работа па відах спорту)” і інш. 

Таксама ў Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій арганізаваны цэнтр вывучэння Беларусі, школа дзюдо алімпійскага чэмпіёна Ігара Макарава, лабараторыі мікрабіялогіі, псіхалогіі, робататэхнікі (сумесна з Гомельскім тэхнапаркам), STEM-цэнтр, стартап-цэнтр і інш.

Калі паглядзець на ўсё гэта і падсумаваць, то можна з упэўненас­цю сказаць, што ў нашых студэнтаў выдатныя магчымасці для рэалізацыі і прафесійнага развіцця.

Гутарыла Наталля САХНО.

https://nastgaz.by/z-gomelya-u-shanhaj-z-shanhaya-u-gomel/