Правы чалавека ў дэталях, імітацыя судовых слуханняў, знаёмства з рэальнай карцінай бежанства ў Беларусі ... Юртаман Гылыджов, студэнт юрыдычнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, не хавае сваіх эмоцый і ўражанняў ад удзелу ў I летняй школе па праве бежанцаў.
Тры дні, праведзеныя ў Мінску ў кампаніі будучых калег і міжнародных экспертаў, сталі для яго выдатным стымулам да прафесійнага росту.
- Для ўдзелу ў адукацыйным праекце, арганізаваным прадстаўніцтвам УВКБ ААН у Беларусі, было адабрана ўсяго 27 чалавек, - распавядае студэнт. - Каб трапіць у лік абраных, прыйшлося сур'ёзна рыхтавацца, дасканала вывучаць праблему бежанства.
Па словах будучага юрыста, трохдзённая праграма Летняй школы дала магчымасць разабрацца ў дэталях заканадаўства, праверыць і замацаваць свае веды ў ходзе дзелавых гульняў-сімуляцый, адчуць сябе сапраўдным юрыстам, разглядаючы судовыя справы рэальных людзей:
- Разам з міжнароднымі экпертамі мы ўдзельнічалі ў абароне правоў уцекачоў, разбіраліся, як дапамагчы людзям у адаптацыі на новым месцы жыхарства і пошуках працы, забяспечыць юрыдычнай і інфармацыйнай падтрымкай.
Як малады спецыяліст, Юртаман значна папоўніў свае веды ў прафесійнай сферы. Ён цвёрда ўпэўнены, што са справай па пытаннях бежанства справіцца без працы – «хоць цяпер правяду кансультацыю!».
Сёння студэнт вучыцца на 4 курсе, у планах-паступленне ў магістратуру, а пасля – прыватная адвакацкая практыка ў сябе на радзіме, у Туркменістане.
- У нашай краіне юрыдычную адукацыю высока цэніцца, сярэдняя заработная плата адваката складае 2000 даляраў ЗША, - кажа Юртаман. - Аднак не толькі кар'ера матывуе мяне на паспяховую вучобу ў ВНУ. Хачу, каб бацькі ганарыліся мною, бо раней ні ў каго з нашай сям'і не было вышэйшай адукацыі.
Па словах хлопца, аказваць прафесійную дапамогу людзям у абароне іх правоў - яго даўняя мара. Тым больш што міграцыйны крызіс набірае абароты. Закрануў ён і нашу краіну: на сённяшні дзень статус бежанца ў Беларусі маюць звыш 2 тысяч чалавек. З іх прыкладна 95% прыехалі з Украіны, астатнія-з Сірыі, Узбекістана, Ірана, Емена і іншых краін.
Святлана Хазей