Аб навуцы і магчымасцях моладзі. Сваім вопытам са студэнтамі падзяліўся паспяховы выпускнік ГДУ імя Ф. Скарыны

Submitted by sz on пят, 04/01/2019 - 10:20

Генадзь Фядосенка скончыў фізічны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны і праз некалькі гадоў з'ехаў у Нямеччыну. Там ён абараніў кандыдацкую дысертацыю і пабудаваў кар'еру ў бізнес-групе Carl Zeiss SMT – сусветнага лідэра ў вобласці аптычных тэхналогій.

Пра сваю работу ў прэстыжнай кампаніі, якая ўжо больш за 170 гадоў задае новыя стандарты па ўсім свеце, Генадзь распавёў на сустрэчы са студэнтамі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій нашага універсітэта.

Ніколі не ведаеш, як складзецца жыццё, трэба па максімуму браць ад таго, што маеш на дадзены момант часу. Па словах Генадзя, веды, атрыманыя ў універсітэце, сталі добрай асновай для кар'ернага росту:

- Гэта неабходныя асновы, якія спатрэбяцца ў любой прафесіі і нададуць вам упэўненасці, - звярнуўся ён да студэнтаў. - Не забывайце пра вывучэнне замежнай мовы - гэта пропуск для працы ў міжнародных карпарацыях, падтрымлівайце сувязі са сваімі аднакурснікамі, магчыма, у будучыні вас чакаюць цікавыя праекты, якія нельга рэалізаваць у адзіночку.

Добрай матывацыяй для моладзі, на думку Генадзя, мог бы стаць яго ўласны прыклад: хлопец з маленькай вёсачкі на Брагіншчыне стаў паспяховым кіраўніком у адной з вядучых кампаній свету.

Некалькі гадоў таму разам з калегамі з Афрыкі і Кітая ён распрацаваў новы аптычны прыбор. Ад ідэі да ўвасаблення ў жыццё прайшло каля года, паступова да тройкі вынаходнікаў падцягнуліся іншыя спецыялісты. Сёння працу выконвае цэлая каманда навукоўцаў, іх праца высока ацэненая вядомымі кампаніямі, якія працуюць з аптычным абсталяваннем.

- Кожны чалавек можа стаць паспяховым і рэалізаваць свае мары, - лічыць Генадзь. - Для гэтага патрэбныя смеласць і мэтанакіраванасць. Сучасная навука зацікаўлена ў таленавітай моладзі, гатовай рызыкнуць і прапанаваць грамадству свае ідэі.

Падтрымкай ініцыятыўных маладых навукоўцаў, якія хацелі б унесці свой уклад у навукова-тэхнічны прагрэс, можа стаць праект «Жанчыны ў навуцы", у якім прымуць удзел ГДУ імя Ф. Скарыны і два нямецкіх універсітэта. У перспектыве, лічыць Генадзь, ён можа выйсці на глабальны ўзровень і падключыць да сабе вышэйшыя навучальныя ўстановы Японіі, Амерыкі, Афрыкі і іншых краін. Верагодна, пашырыцца сфера яго ахопу, дапамогу ў прасоўванні інавацый атрымаюць не толькі жанчыны, але і мужчыны.

- У сучасным свеце навука не можа быць зачыненай у рамках адной дзяржавы, яе плады павінны стаць сусветным здабыткам. Гэта магчыма, калі навукоўцы падтрымліваюць цесныя сувязі, абменьваюцца перадавым вопытам і ўдзельнічаюць у сумесных распрацоўках, - упэўнены Генадзь.

У поспеху новага праекту ён не сумняваецца, бо будучыня - за інавацыямі. Да таго ж за плячыма ўжо ёсць вопыт рэалізацыі не менш карыснай задумкі — міжнародная праграма «Інтэр-Акадэмія», у якой удзельнічае наша вну, і сёння паспяхова развіваецца, аб'ядноўваючы дасягненні навуковай думкі некалькіх краін.

Фота Уладзіміра Чысціка

Фотасправаздача