Найбуйнейшы мультыспартыўны форум кантынента ўжо не за гарамі

Submitted by sz on чцв, 06/06/2019 - 09:34

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Больш за 4000 спартсменаў з 50 краін разыграюць на працягу 10 дзён 208 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіо.

На першых Еўрапейскіх гульнях-2015 у Баку зборная Беларусі паказала высокія вынікі, заняўшы ў агульным медальным заліку сёмае месца: нашы спартсмены заваявалі 43 узнагароды (10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавых). У 2016 годзе па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) у Мінску было прынята рашэнне аб перадачы Беларусі правоў на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў.
Важкімі аргументамі на карысць беларускай сталіцы сталі развітая спартыўная інфраструктура, вялікі досвед правядзення міжнародных спаборніцтваў высокага ўзроўню, кваліфікаваныя спецыялісты і, вядома, падтрымка кіраўніка НАК - Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
Як адзначыў прэзідэнт ЕАК Янез Качыянчыч, Еўрапейскія гульні-2019 паслужаць «добрай падрыхтоўкай да летняй Алімпіяды ў Токіо і дазволяць з'яднаць дух еўрапейскіх спартсменаў».церемония открытия II Европейских игр

У праграму Еўрапейскіх гульняў ўвайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шашы), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс і пляжны футбол.

Алімпійскія ліцэнзіі Токіо-2020 разыграюць ў 8 відах спорту: веласіпедным спорце, веславанні на байдарках і каноэ, каратэ, лёгкай атлетыцы, стральбе з лука, кулявой і стэндавай стральбе, настольным тэнісе, баскетболе 3х3. Выключэнне склалі гімнастыка і барацьба (адбор пройдзе асобна), а таксама пакуль не ўключаныя ў алімпійскую праграму самба і пляжны футбол. Спаборніцтвы па боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.

Адзін з самых відовішчных відаў спорту - лёгкая атлетыка - упершыню будзе прадстаўлены на Еўрапейскіх гульнях у новым фармаце: у спаборніцтвах прымуць удзел 24 каманды (у складзе кожнай - больш за 20 чалавек, мужчын і жанчын), якія выступяць у 9 дысцыплінах, найбольш папулярных у гледачоў (бег, скачкі і кіданні). Спаборніцтвы будуць праходзіць па накаўт-сістэме на працягу пяці дзён.

35 атлетаў прадставяць Гомельскую вобласць на Еўрапейскіх гульнях у такіх відах спорту, як веславанне на байдарках і каноэ, бокс, веласпорт, вольная і грэка-рымская барацьба, дзюдо, лёгкая атлетыка, баскетбол і акрабатыка.

Мы з нецярпеннем чакаем пачатку міжнароднага спартыўнага форуму, каб пахварэць за спартсменаў - студэнтаў нашага універсітэта. Другакурсніца факультэта фізічнай культуры Вікторыя Новікава пазмагаецца з годнымі саперніцамі на татамі. Чэмпіёнскія званні ў сваіх вагавых катэгорыях будуць аспрэчваць майстры скураной пальчаткі, студэнткі завочнага факультэта Галіна Бруевіч (57 кг), Вікторыя Кебікава (75 кг) і Антаніна Аксёнава (69 кг).

Сур'ёзныя выпрабаванні прыйдзецца вытрымаць прадстаўніцы каралевы спорту Юліі Костючкавай, магістранту факультэта фізічнай культуры, якая пакажа свае бегавыя магчымасці на доўгай спрынтэрскай дыстанцыі (400м) нацыянальнага Алімпійскага стадыёна.

І гэта яшчэ не ўсё спартсмены - студэнты ГДУ, якія прымуць удзел у II Еўрапейскіх гульнях. Аб іншых атлетаў, а таксама і валанцёрах, чытайце ў бліжэйшыя дні.

Выкарыстоўваліся матэрыялы сайта https://minsk2019.by/ru