Студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны прайшлі стажыроўку ў Швецыі

Submitted by Darina_Pastushenko on аўт, 11/06/2019 - 17:25

У навукова-навучальным цэнтры АльбаНова, дзе стажыраваліся студэнты факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Андрэй Бужан і Антон Талкачоў, аб'ядналіся фізічныя факультэты Стакгольмскага універсітэта і Каралеўскай тэхнічнай вышэйшай школы.

Стажыроўка адбылася дзякуючы супрацоўніцтву ГДУ імя Ф. Скарыны і Стакгольмскага універсітэта, якое развіваецца ўжо больш за 20 гадоў. Найбольш актыўна з нашым універсітэтам узаемадзейнічае дырэктар цэнтра АльбаНова, акадэмік, член Нобелеўскага камітэта па фізіцы, прафесар, ганаровы доктар ГДУ Матс Ларсан. Будучы ініцыятарам сумесных праектаў, праграм, дагавораў, ён неаднаразова чытаў лекцыі гомельскім студэнтам па сучасных праблемах фізікі, запрашаў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў нашай ВНУ ў Швецыю для выканання сумесных праектаў. 

почетный доктор ГГУ Матс Ларссон
На фота злева-направа: Андрэй Бужан, Антон Талкачоў, Валерый Капшай, ганаровы доктар ГДУ Матс Ларсан

На час стажыроўкі навуковым кіраўніком нашых хлопцаў быў прызначаны сусветна вядомы прафесар Каралеўскай тэхнічнай вышэйшай школы Ягор Бабаеў. Ён ужо доўгі час кіруе групай па вывучэнні звышправаднікоў, першым у свеце пачаў тэарэтычнае вывучэнне двухкампанентных звышправаднікоў, якія сёння найбольш актыўна вывучаюцца эксперыментатарамі. Менавіта ён упершыню тэарэтычна прадказаў існаванне звышправаднікоў 1,5 роду (раней ведалі пра існаванне звышправаднікоў 1 і 2 роду), якое было пацверджана эксперыментальна праз прыблізна два гады пасля апублікавання гэтага выніку.

научный центр АльбаНова
На фота злева-направа: Антон Талкачоў, Ягор Бабаеў, Андрэй Бужан

У час знаходжання ў навуковым цэнтры АльбаНова студэнты нашай ВНУ азнаёміліся з магчымасцямі самага сучаснага абсталявання, вывучылі асаблівасці выкарыстання графічных карт пры камп'ютарным мадэляванні фізічных працэсаў, прынялі ўдзел у канферэнцыі аспірантаў, пасяджэннях штотыднёвых семінараў і інш.

проект по расчету длин когерентности сверхпроводника на основе двухкомпонентной модели
Праца над праектам

За час сваёй стажыроўкі хлопцы асвоілі эквівалент курсу «Тэорыя звышправоднасці» Каралеўскай тэхнічнай вышэйшай школы «коштам» 7,5 крэдытных адзінак. Пад кіраўніцтвам прафесара Ягора Бабаева яны выканалі праект па разліку даўжынь кагерэнтнасці звышправадніка на аснове двухкампанентнай мадэлі, паспяхова здалі адпаведны экзамен і атрымалі максімальную адзнаку «A», якая з'яўляецца эквівалентам нашай адзнакі «дзесяць».

Главный вход научного центра АльбаНова
Галоўны ўваход навуковага цэнтра АльбаНова

У вольны час Антон і Андрэй актыўна вывучалі славутасці АльбаНовы. Хлопцы пераканаліся, што Стакгольм - адзін з найпрыгажэйшых гарадоў свету!


Валерый Капшай,
дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі,
навуковы кіраўнік Андрэя Бужан і Антона Талкачова

Фотасправаздача