Сапраўднае вяселле арганізавалі выкладчыкі і студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 23/10/2020 - 17:10

У чытальнай зале Славянскай бібліятэкі адбылося сапраўднае вяселле – фальклорнае мерапрыемства з цыклу “Абрады славянскага люду”. Арганізатарам і кіраўніком гэтага свайго роду свята выступілі выкладчыкі і студэнты філалагічнага  факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны: доктар філалагічных навук прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры Валянціна Новак, кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры беларускай мовы Святлана Вяргеенка і студэнтка 3 курса Аляксандра Дрывайла. Непасрэднымі ўдзельнікамі абраду сталі студэнты геолага-геаграфічнага і філалагічнага факультэтаў Гомельскага дзяржуніверсітэта.

У тэатралізаванай пастаноўцы хлопцы і дзяўчаты паказалі гасцям некалькі  давясельных традыцый, якія існавалі і нават існуюць і зараз на Гомельшчыне: сватанне, дзяльба караваю і гэтак далей. Да ўсяго іншага, вядучыя расказвалі пра цікавыя моманты з вясельных абрадаў Гомельскага Палесся, а таксама адзначылі, што зараз ёсць тэндэнцыя да іх адраджэння. Безумоўна, усё мерапрыемства, як гэта і павінна быць, суправаджалася жывой музыкай, песнямі, танцамі.

Напрыканцы свята да прысутных звярнулася ганаровая госця – Вера Савельеўна Генаш – пляменніца знакамітага пісьменніка Івана Мележа і былая выкладчыца філалагічнага факультэта. Яна падзякавала арганізатарам і ўдзельнікам за такую пастаноўку і пажадала “маладым” здароўя і сапраўднага кахання.

Фотасправаздача