Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя біялагічнага факультэта пашырае магчымасці

Submitted by ias on сер, 30/12/2020 - 11:19

У пачатку бягучага года студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Флора і расліннасць” біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны была ўдастоена гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Асноўная мэта выдзеленых для лабараторыі сродкаў – паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання, пашырэнне магчымасцяў даследавання расліннага свету Палесся, яго разнастайнасці.

Загадчык кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Мікалай Дайнека адзначае:

– У цяперашні час вядуцца заключныя работы па ўводзе ў эксплуатацыю вучэбнай лабараторыі малекулярна-генетычных даследаванняў кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, якая дазволіць ажыццяўляць навучальны працэс і праводзіць навуковыя даследаванні на сучасным узроўні. Гэта выдатная магчымасць ажыццяўляць узаемадзеянне з іншымі ўстановамі адукацыі і навукова-даследчымі інстытутамі Рэспублікі Беларусь, краін блізкага і далёкага замежжа, магчымасць ініцыіраваць акадэмічную мабільнасць у межах Балонскага працэсу.

За кошт сродкаў атрыманага гранта для вучэбнай лабараторыі 3-23 вучэбнага корпуса №1 было закуплена неабходнае абсталяванне, а за кошт сродкаў універсітэта ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі і тэхналагічнымі патрабаваннямі быў праведзены капітальны рамонт, адпаведныя камунікацыі, што дасць магчымасць прыступіць да выканання лабараторных работ у межах дысцыплін спецыялізацыі, а таксама да правядзення навуковых даследаванняў.

Фотасправаздача