Быць Таццянай – гэта... 25 студзеня ў Беларусі адзначаюць Дзень студэнтаў (Сайт газеты “Гомельская праўда”)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 25/01/2021 - 10:46

Студзеньскі панядзелак будзе асабліва радасным – свята адзначаць і студэнты, і Таццяны. Карэспандэнты “Гомельскай праўды” папрасілі дзвюх Таццян з ГДУ імя Ф. Скарыны падзяліцца гісторыяй свайго імя.

Таццяна Пачынак, загадчык кафедры англійскай мовы:

– Для мяне быць уладальніцай гэтых імён – ганаровая і адказная місія. Цяпер яно сустракаецца радзей і таму стала яшчэ больш каштоўным. Калісьці ў дзяцінстве я спытала маму, чаму яна назвала мяне Таццянай. “Вырасцеш, зразумееш”, – такім простым быў яе адказ. І ён апынуўся ў нейкай ступені прароцкім – з часам зразумела, што ніякае іншае мне б не падышло. Да таго ж была яшчэ адна прычына: так звалі маю бабулю па матчынай лініі, вельмі светлага, чыстага і правільнага чалавека са стрыжнем і моцнай воляй. Мама хацела, каб усе гэтыя якасці перадаліся мне. Так што можна смела сцвярджаць, што імя ўплывае на жыццё чалавека і вызначае яго характар.

Таццяна Плашкова, студэнтка другога курса эканамічнага факультэта, спецыяльнасць – бізнес-адміністраванне:

– Звярнула ўвагу на тое, што ў маім асяроддзі мала Таццян. Напэўна, гэтае імя цяпер не такое папулярнае. Але ўсе яго ўладальніцы – моцныя асобы, з характарам, могуць пастаяць за сябе, у той жа час спагадлівыя і пазітыўныя. Мне бацькі расказалі, што некалькі месяцаў не маглі вызначыцца, як мяне назваць – Валянцінай або Дашай. На дапамогу прыйшла мая бабуля Таццяна і прапанавала паглядзець па праваслаўным календары, у каго ў гэты дзень імяніны. Там было напісана, што ў Антаніны. Вырашылі: дачка будзе не Тоняй, а Таняй. Бабуля не пярэчыла. Яшчэ хачу дадаць, што мне падабаецца, калі мяне называюць поўным імем – яно гучыць высакародна і статусна.


Як пішацца імя Таццяна на розных мовах: 

беларуская – Таццяна
украінская – Тетяна
англійская – Tatiana
грэчаская – Τατιάνα
польская – Tacjana
балгарская – Татяна
сербская – Татјана
стараславянская – Татиана
кітайская – 塔季揚娜
карэйская – 타티아나
грузінская – ტატიანა
арабская – تاتيانا