Будучы псіхолаг Мікалай Дарошкін - лаўрэат Міжнароднага тэлепраекта “Кубак дружбы – 2021”

Submitted by ias on пят, 19/02/2021 - 16:59

У ГДУ імя Францыска Скарыны вялікая ўвага надаецца арганізацыі культурнага адпачынку для калектыву ўніверсітэта. Асноўную ролю ў гэтай значнай справе іграе студэнцкі клуб. Супрацоўнікі падраздзялення аказваюць усебаковую падтрымку любому, хто імкнецца далучыцца да мастацтва, творчасці. Штогод клубаўцы заваёўваюць шматлікія ўзнагароды на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Зусім нядаўна ў Мінску адбыўся фінал Міжнароднага тэлепраекта “Кубак дружбы – 2021”. Адным з канкурсантаў і ўладальнікам Дыплома Лаўрэата ІІ ступені стаў саліст студэнцкага клуба, удзельнік вакальнай групы “Аквамарын”, студэнт трэцяга курса факультэта псіхалогіі і педагогікі Мікалай Дарошкін.

– Вакалам пачаў захапляцца яшчэ ў 6 класе. Тады мне сказалі, што я добра спяваю, і параілі не пакідаць гэтую справу, – успамінае Мікалай. – Спачатку выконваў больш лёгкія песні (напрыклад, кампазіцыі “Ласкавага мая” або Міці Фаміна). З цягам часу стаў спрабаваць свае сілы ўжо ў рэпертуары паскладаней.

Пасля паступлення ў ГДУ хлопец адназначна для сябе вырашыў: творчасць не пакіну. Яго настаўнікам стала хормайстар студклуба, кіраўнік вакальнай групы “Аквамарын” Анжэла Старасельцава. “Адказны ў адносінах да справы, патрабавальны да сябе, уважлівы да заўваг і гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу”, – кажа кіраўнік аб сваім вучне.

Мікалай Дарошкін падкрэслівае, што ў шматлікіх яго дасягненнях прысутнічае вялікі асабісты ўклад настаўніка.

– Яна мне, ды і любому, каму гэта трэба, заўсёды ідзе насустрач, паказвае на памылкі, дапамагае знайсці нешта новае, ды і ў прынцыпе чалавек вельмі добры, ніколі не дазваляе мне апускаць рукі! – са шчырай цеплынёй дзеліцца будучы псіхолаг.

У планах Мікалая – выхад на вялікую сцэну і набыццё папулярнасці і пазнавальнасці не толькі ў сценах ГДУ, але і на больш глабальных пляцоўках.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота аўтара

Фотасправаздача
Падраздзяленнi