Валянцін Шатраўка: “Лясная гаспадарка – галіна, якая дынамічна развіваецца”

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 18/03/2021 - 21:33

Асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця лесагаспадарчай галіны агучыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка на інфармацыйнай сустрэчы са студэнтамі і супрацоўнікамі ГДУ імя Ф. Скарыны.

На мерапрыемстве прысутнічалі: адміністрацыя ўніверсітэта, генеральны дырэктар Гомельскага ДВЛГА Юрый Ліпскі, дэкан біялагічнага факультэта Віктар Аверын, загадчык кафедры лесагаспадарчых дысцыплін Марына Лазарава і выкладчыкі кафедры. 

Шчаслівая магчымасць пагутарыць з першым намеснікам міністра была прадастаўлена студэнтам розных курсаў дзённага аддзялення спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”. Менавіта гэтым юнакам і дзяўчатам трэба будзе праз некалькі гадоў адправіцца на вытворчасць і ўстаць на варту нацыянальных багаццяў краіны. 

Валянцін Шатраўка ў агульных рысах расказаў аб сучасных напрамках работы Міністэрства лясной гаспадаркі, інавацыйных тэхналогіях, цыфравізацыі галіны. Затым кіраўнік заклікаў студэнтаў задаваць свае пытанні.

Будучыя леснікі ахвотна скарысталіся магчымасцю пагаварыць з першым намеснікам міністра. Яны цікавіліся ўмовамі працы маладых спецыялістаў, забяспечанасцю лясгасаў высокатэхналагічным абсталяваннем. Абмяркоўваліся пытанні адносна плана набору студэнтаў і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Падчас гутаркі былі закранутыя і асабістыя тэмы: чым Валянціну Генадзьевічу запомнілася студэнцкае жыццё, якія ў яго захапленні, як кіраўнік пераадольвае стрэс. 

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка падрабязна і шчыра адказаў на ўсе пытанні студэнцкай аўдыторыі, падкрэсліўшы паскораныя тэмпы развіцця галіны і перспектыўнасць абранай студэнтамі спецыяльнасці інжынера лясной гаспадаркі.

Кацярына Каваленка

Фота аўтара