Вектар руху - быць лепшымі

Submitted by ias on чцв, 22/04/2021 - 17:37

– Глыбока перакананы: для самарэалізацыі моладзі ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, – такое меркаванне выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Завалей на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Францыска Скарыны.

На сустрэчы прысутнічалі начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі, а таксама рэктар ВНУ Сяргей Хахомаў, які падкрэсліў, што аўдыторыя невыпадковая: Ігар Уладзіміравіч і Павел Анатольевіч – выпускнікі факультэта фізічнай культуры Гомельскага дзяржуніверсітэта.

– Мы вельмі ўдзячныя за арганізацыю такой сустрэчы. ГДУ – асноўная кузня спартыўных кадраў не толькі для Гомельскай вобласці, але і Беларусі ў цэлым, – падкрэсліў Ігар Завалей.

Прысутныя ў фармаце адкрытага дыялогу абмяркоўвалі становішча спраў у сферы спорту і турызму Гомельшчыны, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы рэгіёна. Студэнты цікавіліся ў гасцей іх асабістым шляхам па кар’ернай лесвіцы.

– Маладым людзям неабходна ставіць перад сабой мэту. Упартасць – вось, што ў свой час дапамагло мне і, безумоўна, дапаможа кожнаму з вас. Дзяржава надае вялікую ўвагу спартыўнай сферы і развіццю асобы, – перакананы Павел Старасвецкі.

На сустрэчы была абмеркавана перспектыва правядзення прафарыентацыйных сустрэч студэнтаў выпускных курсаў факультэта фізічнай культуры з прадстаўнікамі ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама.

Госці падзякавалі ўсім прысутным за канструктыўную гутарку і чарговы раз падкрэслілі якасць і прэстыж атрымання адукацыі ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны.

– Універсітэт – гэта тая база, якая сфарміравала мяне як мужчыну. Усё, што я дасягнуў, што маю, – гэта дзякуючы ГДУ. Жадаю вам імкнення да дасягнення новых вяршынь і ўпэўненасці ў сабе. Памятайце: кожны з вас – каваль свайго шчасця, – рэзюмаваў Ігар Завалей.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота Кацярыны СТЭЦКАЙ