Студэнт факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржуніверсітэта, саліст студэнцкага клуба Мікалай ДАРОШКІН стаў лаўрэатам 3-й ступені III Міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу творчасці Millennium. Удзельнікі конкурсу маглі прадэманстраваць сваё майстэрства ў вакальнай, выяўленчай, тэатральнай, інструментальнай і харэаграфічнай творчасці.
– Я з дзяцінства захоплены музыкай. Рэпертуар у мяне самы разнастайны, які, да таго ж, пастаянна мяняецца, – з усмешкай кажа будучы псіхолаг. – Таму, калі я паступіў у ГДУ і даведаўся, што тут ёсць студэнцкі клуб, у якім заўсёды знойдзецца месца творчаму чалавеку, адразу для сябе вырашыў: з мікрафонам не расстаюся!
У склад журы ўвайшлі прафесіяналы Беларусі, Расіі, Украіны, Чэхіі, ЗША і г.д. Яны не толькі высока ацанілі Мікалая Дарошкіна, прысудзілі яму дыплом лаўрэата 3-й ступені, але і адзначылі падзякай кіраўніка маладога вакаліста, хормайстра студклуба Анжэлу СТАРАСЕЛЬЦАВУ.
– Вядома, мне вельмі прыемна і пахвальна, што ў калектыве салістаў ёсць Коля. З ім заўсёды лёгка працаваць, тварыць, ствараць нешта новае, ён ніколі не адмовіць у дапамозе, – адклікаецца пра свайго вучня Анжэла Старасельцава. – Яго небеспадстаўныя упартасць і імкненне да перамогі дазволяць скарыць яшчэ шмат-шмат вяршыняў! – упэўнена хормайстар.
Андрэй ВЯЛІКІ
Фота аўтара