Чаму абітурыенты выбіраюць ГДУ імя Ф. Скарыны? (Сайт газеты «Звязда»)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 22/07/2022 - 23:25

У пачатку тыдня ў краіне стартавала прыёмная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Больш за 60 тысяч былых школьнікаў прайшло цэнтралізаванае тэсціраванне і цяпер прымяраюць на сябе статус абітурыента. Сёлета ў краіне на ўзровень вышэйшай адукацыі плануюць прыняць каля 53-х тысяч чалавек. Амаль 28 тысяч — зможа вучыцца на бюджэце. Чым вабіць сёння абітурыентаў каманда «скарынаўцаў», каго рыхтуе, загартоўвае вучобай і навуковай дзейнасцю знакамітая гомельская альма-матэр, — у інтэрв’ю з рэктарам ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргеем Хахомавым.


Рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў.

Рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў.

— Сёння Гомельскі дзяржуніверсітэт у міжнародным рэйтынгу ўстаноў вышэйшай адукацыі Webometrіcs займае 3 месца сярод беларускіх ВНУ і 1-е сярод рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. У сусветным рэйтынгу — уваходзіць у 10 працэнтаў найлепшых устаноў адукацыі. У снежні мінулага года ГДУ імя Ф. Скарыны ўвайшоў у спіс найлепшых універсітэтаў краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі QS EECA. Між тым, ва ўніверсітэта як прамога прадаўжальніка дзейнасці Гомельскага педагагічнага інстытута — найбагацейшая амаль паўвекавая гісторыя. Сяргей Анатолевіч, ГДУ імя Ф. Скарыны сёння — гэта…

— Гэта больш як сямітысячная каманда студэнтаў. Дастаткова салідны і калектыў супрацоўнікаў — звыш 1130 чалавек, у тым ліку звыш пяцісот чалавек — прафесарска-выкладчыцкі калектыў і навуковыя работнікі: дактары навук, прафесары, кандыдаты навук і дацэнты. Адзначу, што сярод нашых дактароў навук — пяць членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі — Аляксандр Рагачоў, Анатоль Сердзюкоў, Рыгор Ганчарэнка, Уладзімір Багінскі і Ігар Семчанка. Сёння ва ўніверсітэце на 11 факультэтах рыхтуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты па 41 спецыяльнасці І ступені і па 19 спецыяльнасцях ІІ ступені вышэйшай адукацыі. Па амаль двух дзясятках спецыяльнасцяў рыхтуюцца магістранты і па больш як чатырох дзясятках спецыяльнасцяў — спецыялісты вышэйшай кваліфікацыі, па шасці спецыяльнасцях — дактаранты. Ва ўніверсітэце працуе 68 навукова-даследчых лабараторый, з якіх 47 — студэнцкія. Дзейнічаюць тры міжнародныя навукова-даследчыя лабараторыі, створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый па чатырох спецыяльнасцях.

— Што можна адзначыць пра выпуск і ўступную кампанію бягучага года?

— Сёлета правам ільготнага залічэння карыстаюцца абітурыенты, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расійскай Федэрацыі пры паступленні на платнай аснове на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. У нашай ВНУ гэта спецыяльнасць «Лясная гаспадарка». У цэлым, істотных змяненняў у правілах прыёму бягучага года няма. Выпуск-2022 у ГДУ склаў 1903 чалавекі (І і ІІ ступень). Дыпломы з выдатнай адзнакай атрымалі 86 студэнтаў. Такія ж дыпломы сярод замежных студэнтаў атрымалі 6 чалавек.

На ўзбраенні студэнтаў і выкладчыкаў — новая вучэбна-даследчая камп’ютарная лабараторыя.

На ўзбраенні студэнтаў і выкладчыкаў — новая вучэбна-даследчая камп’ютарная лабараторыя.

— Якія новыя спецыяльнасці адкрыты ва ўніверсітэце?

— Летась пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці «Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» на дзённай форме адукацыі. Аднавіўся набор па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (культурная спадчына і турызм)» на дзённай форме адукацыі. Таксама з мінулага года пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці «Камп’ютарная бяспека (радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі)», «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)» на дзённай форме адукацыі. Адзначу, што сёлета аднаўляецца набор на «Спартыўна-педагагічную дзейнасць (трэнерская работа па дзюдо)» і адкрываецца набор на «Спартыўна-педагагічную дзейнасць (трэнерская работа па баскетболе)». На новую спецыяльнасць — «Эканамічнае права» — плануецца пачаць набор студэнтаў з наступнага года.

— Сяргей Анатолевіч, ва ўніверсітэце ў тым ліку ёсць магчымасць прайсці падрыхтоўку па адукацыйных праграмах, якія спецыяльна арыентаваныя на выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Так, па 13 спецыяльнасцях даём магчымасць навучацца па адукацыйных праграмах, інтэграваных з адукацыйнымі праграмамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тэрміны навучання — ад трох да чатырох гадоў. Што датычыцца работы непасрэдна з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна, то ГДУ бярэ на сябе падрыхтоўку інтэграваных навучальных планаў, правядзенне пастаяннай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, забеспячэнне вытворчых практык для студэнтаў універсітэта ва ўстановах. Выкладчыкі ўніверсітэта ў якасці старшынь бяруць удзел у пасяджэннях дзяржаўных экзаменацыйных камісій устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Сёлета дыпломы аб вышэйшай адукацыі першай і другой ступені атрымаў 951 выпускнік дзённай формы навучання ГДУ імя Ф. Скарыны, 86 з іх скончылі ўніверсітэт з чырвоным дыпломам.

Сёлета дыпломы аб вышэйшай адукацыі першай і другой ступені атрымаў 951 выпускнік дзённай формы навучання ГДУ імя Ф. Скарыны, 86 з іх скончылі ўніверсітэт з чырвоным дыпломам.

— Якімі навуковымі дасягненнямі ганарацца «скарынаўцы»?

— Летась больш за палову ўсіх праведзеных у ГДУ навукова-даследчых работ мела прыкладны характар. Гэта і выкананне заданняў дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, і заказаў прадпрыемстваў і арганізацый на аснове гаспадарчых дагавораў. Штогод навукоўцы ўніверсітэта даследуюць больш за 160 тэм — фундаментальных, прыкладных, навукова-метадычных. За апошнія гады выканана больш як 900 навукова-даследчых работ. Толькі за мінулы год выдадзена больш за 40 манаграфій, 12 падручнікаў, 36 зборнікаў. У бягучым годзе ГДУ ў ліку першых сярод універсітэтаў краіны распрацаваў і зацвердзіў Палітыку ў галіне інтэлектуальнай уласнасці.

Ва ўніверсітэце таксама праводзіцца значная работа па развіцці інавацыйнай дзейнасці, камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, прыцягненні пазабюджэтных крыніц фінансавання. Заключаем дагаворы з прадпрыемствамі, замежныя кантракты, аказваем платныя паслугі.

Запаветныя пасведчанні аб заканчэнні падрыхтоўчага аддзялення Інстытута дадатковай адукацыі ГДУ імя Ф. Скарыны атрымалі 13 замежных студэнтаў-выпускнікоў.

Запаветныя пасведчанні аб заканчэнні падрыхтоўчага аддзялення Інстытута дадатковай адукацыі ГДУ імя Ф. Скарыны атрымалі 13 замежных студэнтаў-выпускнікоў.

— Як да інавацыйнай і навуковай дзейнасці заахвочваюцца студэнты?

— Цяпер ва ўніверсітэце працуе 47 студэнцкіх навуковых аб’яднанняў. Два гады таму мы ўпершыню правялі конкурс на найлепшую студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю. Пераможцам стала лабараторыя «Альянс», якая была ўдастоена гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што лабараторыя вытрымала высокую канкурэнцыю: усяго спецфондам былі выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы толькі трох студэнцкіх навуковых аб’яднанняў з усёй краіны.

Кабінет рускай лінгвакультуры пачаў працаваць на базе філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны.

Кабінет рускай лінгвакультуры пачаў працаваць на базе філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны.

— Як ГДУ імя Ф. Скарыны развівае міжнародныя кантакты?

— Мы рэалізоўваем 175 міжнародных дагавораў з установамі вышэйшай адукацыі і арганізацыямі з 30 краін свету. Універсітэт з’яўляецца членам трох міжнародных сетак і асацыяцый. У 2017 годзе на базе нашага ўніверсітэта быў адкрыты першы ў Беларусі рэгіянальны Інстытут Канфуцыя, створаны сумесна з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогій. Праз год — пачаў работу і цэнтр навучання кітайскай мове. У 2019 годзе адкрыты Цэнтр вывучэння Беларусі пры Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій. Сумесна з універсітэтам Шызуока (Японія) ажыццяўляецца праграма аспірантуры, якая прадугледжвае атрыманне вучонай ступені PhD у галіне фізікі і кандыдата фізіка-матэматычных навук. Дзейнічае і Дагавор аб рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы «Нанаматэрыялы ў мікрасістэмнай тэхніцы» паміж ГДУ імя Ф. Скарыны і Нацыянальным даследчым універсітэтам «Маскоўскі інстытут электроннай тэхнікі». Дадзеная праграма прадугледжвае сумесную падрыхтоўку магістраў і атрыманне дыпломаў двух універсітэтаў. У снежні 2017 года пры Шанхайскім прафесіянальным інстытуце індустрыі, камерцыі і замежных моў быў адкрыты філіял ГДУ імя Ф. Скарыны, на базе якога рэалізоўваецца сумесная падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці «Руская філалогія». З верасня бягучага года пачнецца рэалізацыя сумеснай адукацыйнай праграмы ГДУ імя Ф. Скарыны і Хэцзэскім універсітэтам (Кітай) па падрыхтоўцы спецыялістаў па спецыяльнасці «Фізіка».

Падчас сустрэчы з калектывам ГДУ імя Ф. Скарыны старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча.

Падчас сустрэчы з калектывам ГДУ імя Ф. Скарыны старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча.

— ГДУ імя Ф. Скарыны — гэта і бясспрэчны культурны магніт…

— Ключавую ролю ў жыцці ўніверсітэта выконвае студэнцкі клуб. У ім паспяхова функцыянуюць пяць калектываў са званнем «народны», аматарскія і лакальныя, факультэцкія творчыя аб’яднанні. Штогод ва ўніверсітэце праводзяцца яркія фестывалі, конкурсы, грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы. Так, толькі ў мінулым навучальным годзе ўдзельнікі калектываў студэнцкага клуба заваявалі ўзнагароды па выніках міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу творчасці Mіllennіum і міжнароднага конкурсу мастацтваў ART motіon, сталі лаўрэатамі міжнароднага тэлепраекта «Кубак дружбы» і міжнароднага фестывалю-конкурсу «Прызванне» ў Санкт-Пецярбургу, міжнародных рознажанравых конкурсаў LETOSTAR іn Slovenіa у горадзе Залес у Славеніі і Olіmpіa у казахстанскім Нур-Султане. І гэта не можа не радаваць, бо, безумоўна, студэнцкія гады — гэта не толькі вучоба, але і бясконцыя станоўчыя эмоцыі і самыя яркія ўспаміны.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ГДУ імя Ф. Скарыны

Поўная версія матэрыялу на сайце крыніцы