Педагог. Вучоны. Асоба

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 05/06/2020 - 18:28

4 чэрвеня на факультэце псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф. Скарыны ў рэжыме анлайн-трансляцыі адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Навуковая спадчына акадэміка І.Ф. Харламава і актуальныя праблемы цэласнага адукацыйнага працэсу ў сучаснай педагагічнай прасторы». Такое маштабнае навуковае мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння вядомага на ўсёй постсавецкай прасторы акадэміка НАН Беларусі, доктара педагагічных навук, прафесара Івана Фёдаравіча Харламава.

Іван Фёдаравіч Харламаў
Харламаў Іван Фёдаравіч,
доктар педагагічных навук, прафесар,
заслужаны дзеяч навукі БССР,
акадэмік АПН СССР,
акадэмік НАН Беларусі,
член-карэспандэнт РАН,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
загадчык кафедры педагогікі

Цікавасць да педагогікі і бясспрэчны талент у гэтай галіне ў Івана Фёдаравіча быў с юнацтва. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, у далейшым працягнуў вучобу ў Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце на літаратурным факультэце.

У год 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі нельга не згадаць той факт, што Іван Фёдаравіч Харламаў – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля 1945 года працаваў на розных пасадах у сферы адукацыі Лоеўскага раёна, а ў пачатку 50-х з адзнакай скончыў завочнае аддзяленне літаратурнага факультэта Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава і аспірантуру па спецыяльнасці «Педагогіка» ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага.

Увесь далейшы жыццёвы шлях Івана Фёдаравіча быў непарыўна звязаны з нашай ВНУ. Ён займаў пасады старшага выкладчыка, дацэнта, прафесара, прарэктара па вучэбнай і навуковай рабоце, а затым больш за трыццаць гадоў працаваў загадчыкам кафедры педагогікі.

За сваё жыццё Іван Фёдаравіч Харламаў апублікаваў больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 22 кнігі. За адну з самых вядомых сваіх прац – «Педагогіка: падручнік» на беларускай мове для студэнтаў педагагічных ВНУ – быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Уклад гэтага выдатнага вучонага, які вырасціў не адно пакаленне знакамітых педагогаў, у развіццё ўніверсітэта назаўжды застанецца ў памяці калектыву ГДУ імя Ф. Скарыны. Гэтаму сведчыць і мемарыяльная дошка з выявай Івана Фёдаравіча, якая размешчана на будынку корпуса №1. Безумоўна, арганізацыя міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння, таксама з'яўляецца фактам памяці і павагі.

З уступным словам да ўсіх удзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце, доктар тэхнічных навук, прафесар Алег Міхайлавіч Дземідзенка. Алег Міхайлавіч адзначыў вялікі ўклад Івана Фёдаравіча Харламава ў развіццё педагагічны думкі, а таксама маральнае выхаванне не аднаго пакалення школьнікаў і студэнтаў. Далей з прывітальным зваротам выступіў вучань Івана Харламава, загадчык кафедры педагогікі, доктар педагагічных навук, прафесар Фёдар Уладзіміравіч Кадол.

Супрацоўнікі названай кафедры прадэманстравалі маштабную прэзентацыю пра жыццёвы і навуковы шлях Івана Фёдаравіча, пасля чаго ўдзельнікі працягнулі працу па 3-х напрамках: «Канцэптуальныя і метадалагічныя аспекты арганізацыі цэласнага адукацыйнага працэсу ў інфармацыйным грамадстве», «Навукова-метадычныя асновы навучання, выхавання і развіцця асобы ў сучаснай педагагічнай прасторы» і «Кампетэнтнасны і практыка-арыентаваны падыходы ў прафесійнай падрыхтоўцы канкурэнтнага спецыяліста".

Усе матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзены ў электронным выглядзе і размешчаны на сайце канферэнцыі ў пачатку кастрычніка гэтага года.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фотасправаздача