Праз памяць сям'і да памяці народнай

Submitted by ias on пят, 14/05/2021 - 10:44

Вось ужо 76 гадоў наш народ шануе памяць Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Працягам шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце, стала творчая праграма “Рэквіем па дзецях вайны”. Арганізатарам выступіў калектыў Савета жанчын і студэнтаў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Перад пачаткам прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк прывітаў прысутных і адзначыў важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў, у тым ліку з пункту гледжання грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. У сваёй прамове Юрыя Валер’евіча падтрымала таксама старшыня Савета жанчын ГДУ, намеснік дэкана філалагічнага факультэта Алена Кастрыца.

Пастаноўка “Рэквіем па дзецях вайны” – гэта свайго роду біяграфія скалечанага вайной дзяцінства, у старонках якой назаўжды застануцца Азарычы, Чырвоны Бераг, Бухенвальд, Асвенцым, Саласпілс... Лагера смерці бязлітасна знішчалі старых, жанчын, дзяцей.

Удзельнікі мерапрыемства праз музыку, танцы, паэзію, урыўкі з успамінаў імкнуліся паказаць, якія ж яны, дзеці Вялікай Айчыннай. Студэнты расказалі, як фармаваўся “дзіцячы фронт”, як тысячы хлапчукоў і дзяўчынак у гады вайны ішлі ў ваенкаматы, дадавалі сабе гады, ваявалі нароўні з дарослымі і ў дзеючай арміі, і ў партызанскіх атрадах, і ў падполлі.

Да маладога пакалення звярнуўся ганаровы госць Расціслаў Цімафеенка (сын легендарнага героя-падпольшчыка, імем якога названа вуліца горада Гомеля, Рамана Цімафеенкі):

– Вы ведаеце, адным з галоўных нашых святых абавязкаў з’яўляецца неабходнасць памятаць. Памятаць пра мільёнах загінуўшых, пра тых, хто змагаўся ў імя Перамогі, пра тых, хто страціў на той бязлітаснай вайне ўсіх блізкіх, пра жанчын і дзяцей, якія праявілі ў тыя цяжкія гады незвычайныя мужнасць і гераізм. Памяць, захаваная ў сэрцы, дазволіць пазбегнуць падобнага ў будучыні, – рэзюмаваў Расціслаў Раманавіч.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота аўтара