Каб любіць беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - чт, 26/09/2019 - 13:55

Сонечным восеньскім днём у сценах універсітэта была праведзена цудоўная сустрэча студэнтаў філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў  з гасцямі са Злучаных Штатаў Амерыкі. Адбылася яна ў Скарынаўскім кабінеце. І гэта невыпадкова. Больш за 500 год таму Францыск Скарына пераклаў і надрукаваў Біблію на беларускай мове. І зараз размова ішла пра біблейскія тэксты і іх ролю ў жыцці чалавека.

У пачатку сустрэчы спадар Tom Boisseau, які працуе ў індустрыі кінематографа, выканаў на беларускай мове песню “Малітва” на словы Янкі Купалы з рэпертуару “Песняроў”.

Андрэй і Іна Рыжковы прэзентавалі перакладзеную на беларускую мову кнігу Дэвіда Хэлма з ілюстрацыямі Гейл Скунмейкэр “Вялікая карціна”, якая ў займальнай форме знаёміць дзяцей з  біблейскімі гісторыямі. Усе жадаючыя маглі атрымаць пасля заканчэння сустрэчы кнігу ў падарунак.
Доктар багаслоўя, тэолаг Charlie Farley прачытаў лекцыю на тэму “Правілы перакладу і тлумачэння біблейскіх тэкстаў. Герменеўтыка”, удала спалучыўшы падыходы да каментавання і дэканструкцыі тэкстаў навуковых (у тым ліку юрыдычных) і мастацкіх.

Спадарыня Kim Winston са штата Луізіяна распавяла пра сваю працу ў якасці дырэктара дабрачыннай арганізацыі, якая дапамагае дзецям і падлеткам з праблемных сем’яў, пра тое, як біблейскі тэкст паўплываў на яе асабісты і прафесійны лёс.

Бібліятэка філалагічнага факультэта папоўнілася зборам кніг, перакладзеных на беларускую мову і выдадзеных па ініцыятыве спадарыні Іны Рыжковай.
У аўдыторыі панавала атмасфера добразычлівасці і ўзаемаразумення, было шмат пытанняў да гасцей, гучалі словы падзякі ў іх адрас.

Будзем чакаць новых сустрэч і новых кніг! 

А.Палуян,
дэкан філалагічнага факультэта