“Нашы славутыя землякі”

Опубликовано ias - вт, 20/09/2022 - 15:40

Загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, прафесарам І. Ф. Штэйнерам была праведзена экскурсія “Нашы славутыя землякі” для студэнтаў першага курса філалагічнага факультэта, прымеркаваная да Тыдня роднай мовы, які зараз праводзіцца ў Беларусі. Экскурсія праведзена ў літаратурным музеі “Alma mater”.

І. Ф. Штэйнер расказаў студэнтам пра тое, што Гомельшчына ўнесла значны ўклад у агульнанацыянальную літаратурную скарбонку. Літаратурная традыцыя ў нашым рэгіёне бярэ пачатак ад славутага святога Кірылы з Турава.

З Гомельшчыны паходзяць чатыры народныя пісьменнікі Беларусі: Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак. Нездарма наш край называюць Іван-градам беларускай літаратуры. Тут нарадзіліся і працавалі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі: В. Казько, Б.Сачанка, А. Грачаннікаў, І. Сяркоў, М. Мятліцкі, М. Башлакоў. Варта таксама назваць імёны ўраджэнцаў Гомельшчыны С. Палуяна, М. Грамыкі, С. Некрашэвіча, Л. Гаўрылава, В. Коўтун, А. Федарэнкі, А. Зэкава, І. Бабкова, В. Якавенкі, А. Капусціна, Л. Гаўрылкіна, А. Бароўскага, У. Ліпскага, В. Яраца, С. Шах, І. Катлярова, Н. Тулупавай, А. Сыса, В. Ткачова, Т. Мельчанкі, Н. Шкляравай, А. Наўроцкага і многіх іншых.

З Гомельшчыны паходзіць Іосіф Гашкевіч, складальнік першага руска-японскага слоўніка, з Калінкавіцкай зямлі паходзяць продкі Я. Еўтушэнкі, з Палессем звязана станаўленне адметнага паэта Ігара Шклярэўскага, з Веткі паходзіць Дз. Кавалёў, у Рэчыцы нарадзіўся выдатны вучоны і пісьменнік У. Спасовіч, у Гомелі нарадзілася А. Ржэўская. Не забывае свой родны край празаік, паэт, вучоны Міхаіл Рассолаў, які стварыў цэлую эпапею пра жыццё ўсходнеславянскіх народаў. З Гомельшчыны паходзяць аўтары кніг з серыі “ЖЗЛ” Мікола Бажанаў і А. Левандоўскі.

Гомельшчына – радзіма многіх яўрэйскіх паэтаў: Рыгора Добіна, Зіновія Вагера, Самуіла Галкіна, М. Дзегцяра, Самуіла Ляўчука і інш.

У розныя часы на Гомельшчыне нарадзіліся, жылі ці пісалі пра яе польскамоўныя аўтары Іосіф Будзіла, Ул. Сыракомля, Г. Клімашэўскі, А. Гзоўскі, Э. Дмахоўская, І. Быкоўскі, Ф. Карпінскі, Ч. Пяткевіч, К. Машынскі. Існуе шмат мемуараў і згадак на рускай і польскай мовах, у якіх апісваюцца краявіды Гомельшчыны, яе люд, традыцыі і звычаі. 

На Гомельшчыне нарадзілася цэлая плеяда выдатных вучоных-філолагаў, сярод якіх прафесары Ф. Куляшоў, Ю. Пшыркоў, Н. Перкін, акадэмік І. Навуменка, член-карэспандэнт С. Лаўшук, даследчыкі рускай літаратуры Іосіф Вайнберг, Аляксандр Шыфман.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт нездарма носіць імя Францыска Скарыны. Універсітэт мае сталыя літаратурныя традыцыі, пра якія таксама распавёў прафесар І. Ф. Штэйнер: “Гісторыя нашай літаратурнай Alma mater бярэ пачатак яшчэ з 1930-х гадоў. У нашай ВНУ вучыліся Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, якія атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Гаўрылаў і Мікола Сурначоў загінулі, абараняючы радзіму. Цяпер ніводная славянская анталогія ваеннай паэзіі ўжо не можа адбыцца без славутай балады М. Сурначова “У стоптаным жыце”. Невыпадкова сам аўтар “Василия Тёркина” А. Твардоўскі перастварыў яе на рускую мову і трагедыйныя радкі твора загучалі ў суладдзі з радкамі “Его зарыли в шар земной”. Вельмі пранікнёна сказаў І. Штэйнер пра Л. Гаўрылава: “Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна. Жыццё, смерць і бяссмерце маладога воіна звязаны і з подзігам яго маці, якая ў невыносных умовах захавала на ўласных грудзях сшытачак з творамі сына і яго сціплы здымак, тым самым уратаваўшы яго голас ад векавога забыцця. Маці дала творам сына другое жыццё, дзякуючы яе мацярынскай любасці і веры мы сёння можам ізноў пачуць пранікнёныя вершы яе сына”.

 Гомельскі ўніверсітэт выхаваў трох Лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі: І. Шамякіна, К. Кірээнку і М. Башлакова. І. Шамякін пакінуў цікавыя ўспамінамі пра гады навучання ў Гомельскім педінстытуце.

У нашай ВНУ вучыліся такія адметныя і вядомыя пісьменнікі, як В. Ярац, А. Сыс, А. Зэкаў, В. Куртаніч, А. Казлоў, М. Даніленка, Р. Андрэявец, Т. Мельчанка, Н. Шклярава, Э. Акулін, І. Багдановіч, Л. Раманава, А. Мельнікаваў, С. Балахонаў, Зм. Вінаградаў, Г. Нячаева, Г. Лапацін і інш.

Паказальна, што да мастацкай творчасці ў нашай ВНУ звяртаюцца не толькі філолагі, але і “фізікі” з “матэматыкамі”, не толькі студэнты, але і выкладчыкі, і не абавязкова філолагі. Да прыкладу, акадэмік І. Ф. Харламаў, заснавальнік навуковай школы па  педагогіцы.

Шмат цікавых і вядомых імёнаў прадстаўлена ў экспазіцыі музея, прысвечанай журналістам, што атрымалі дыплом у сценах нашай Alma mater. Сярод іх – Віктар Маючы, колішні галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3”; Алена Трацэнка, вядучая перадач “Эрудыт”, “Размаўляем па-беларуску”; Леанід Клімовіч, вядомы ўдзельнік праграмы “Што? Дзе? Калі?”, вядучы тэлепраграм “Белая каралева”, “Эрудыт-лато”, “Рызыка-версія”, “Эрудыт-пяцёрка”.

Мтудэнты з цікавасцю і захапленнем слухалі выступленне І. Ф. Штэйнера. Хочацца спадзявацца, што знаёмства з імёнамі нашых славутых землякоў, з літаратурным музеем Гомельскага ўніверсітэта “Аlma mater” будзе спрыяць захаванню атмасферы творчасці і натхнення, выхаванню ў студэнтаў павагі да папярэднікаў,  гонару за сваю навучальную ўстанову.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА,

прафесар кафедры беларускай літаратуры

Фота Аляксандра ЛАПАЦІНА

Фотоотчёт