Праект «Эпоха. Падзея. Асоба»: Іван Штэйнер (zarya.by)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - ср, 20/09/2023 - 13:56

Талент даруе чалавеку Бог. А вось здольнасць развіць яго і ўменне належным чынам выкарыстаць – задача самога чалавека. Вераснёўскага юбіляра – ураджэнца вёскі Беражное Столінскага раёна Івана Фёдаравіча Штэйнера бог шчодра надзяліў і адным, і другім. Знакаміты літаратуразнавец і літаратурны крытык, пісьменнік, краязнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі. Аўтар даўжэзнага спіса адзначаных высокімі ўзнагародамі прац і выданняў, драматургічных твораў. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў галіне літаратуразнаўства 2017 года. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

За ўсім – карпатлівая праца, неверагодная эрудыцыя, што дазваляе не проста выдаваць на-гара новую кнігу, артыкул, манаграфію, п’есу, а рабіць гэта кожны раз з добрым густам, з так каштоўным для творчай асобы адчуваннем пульсу часу і ўласнага месца ў гэтым часе.

Ці проста гэта – напісаць навуковую працу? На рахунку прафесара Івана Штэйнера іх больш за 500. З іх чатыры – метадычныя дапаможнікі, тры – вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Больш за чвэрць стагоддзя вучоны з’яўляецца галоўным рэдактарам навуковага зборніка “Беларуская літаратура”. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле быў падрыхтаваны да друку цыкл кніг, прысвечаных культуры гарадоў і раёнаў Беларусі, ён аўтар трох унікальных тамоў навукова-папулярных артыкулаў пра пісьменнікаў Гомельшчыны.

Важны паказчык плённасці працы любога навукоўца – наяўнасць школы. І тут юбіляру ёсць што прад’явіць свету. Узначальваючы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў кафедру беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і з’яўляючыся заснавальнікам навуковай школы “Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце”, Іван Фёдаравіч выхаваў і падрыхтаваў для айчыннага літаратуразнаўства васямнаццаць кандыдатаў навук, аднаго доктара. Невыпадкова адразу дзве кандыдацкія дысертацыі, што былі абароненыя аспірантамі пад яго кіраўніцтвам, былі прызнаныя лепшымі навуковымі даследаваннямі маладых вучоных па гуманітарных дысцыплінах і атрымалі прэмію Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З улікам апошняга цалкам заканамерным выглядае членства выдатніка адукацыі прафесара Штэйнера ў саветах па абароне доктарскіх дысертацый, дзе ён рэгулярна выступае ў якасці афіцыйнага апанента, а таксама высокая ўзнагарода – прэмія 2003 года за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі.

Нельга абмінуць і такога накірунка дзейнасці знакамітага філолага, як праца ў складзе рэдкалегій – газеты творчай інтэлігенцыі краіны “Літаратура і Мастацтва” і навуковых часопісаў Беларусі, Украіны, Польшчы. Звыш пятнаццаці год ён з’яўляўся галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка “Беларуская літаратура”.

Адна з важных іпастасей прафесара Івана Штэйнера (а на сённяшні дзень, можа, самая важная) – пісьменніцкая. Паспяхова дэбютаваўшы ў 2011 годзе пад псеўданімам Іван Прылуцкі кнігаю “Мудрости зачало и конецъ…”, ён упэўнена сцвердзіў сябе ў такім складаным жанры, як драматургія. А ў 2021-м, ужо маючы рэпутацыю выдатнага літаратара, выдаў, да радасці бібліяфілаў, бібліяманаў ды шараговых чытачоў, неверагодна займальную, поўную літаратурных знаходак і рэмінісцэнцый, унікальную 552-старонкавую кнігу “Похвала слову уходящему: познавательно-занимательное эссе о судьбах литературы”, дзе не толькі прадэманстраваў адметнае веданне гісторыі сусветнай і айчыннай літаратуры, але і разуменне глыбінных працэсаў развіцця культуры наогул і літаратуры ў прыватнасці ў эпоху глабалізацыі.

Усё гэта – важкія падставы для жыхароў Брэстчыны ганарыцца сваім знакамітым земляком. Тым больш, што сам ён пра сваю малую радзіму ніколі не забываецца. Часам патэлефануеш Івану Фёдаравічу, спытаеш: “Дзе ты цяпер?” – “Ды вось, на Гарыні ў Беражным, у бацькоўскай хаце”, – пачуеш у адказ. І хаця бацькоў, Вольгі і Фёдара, на жаль, ужо няма, памяць дзяцінства не-не ды і нагадае пра сябе, пакліча да вытокаў. Што ж, маці з бацькам не сустрэнуць – сустрэнуць сястра Марыя з братам Раманам: жыццё працягваецца.

А мне як аўтару гэтых радкоў, праўду сказаць, вельмі даспадобы адна чалавечая якасць юбіляра. Тая, што, любая і жаданая кожнаму ў стаўленні людзей да сябе, гэтак нячаста, аднак, сустракаецца ў творчым (ды і не толькі ў творчым) асяроддзі: шчодрасць. Настоеная на пачуцці самадастатковасці шырыня душы, што ніколі не дазволіць чалавеку скаціцца ў сваіх учынках і думках да нейкай банальнага жлобства, нядобразычліўства, паблажліва-грэблівага стаўлення да чалавека. Пра гэта думаецца часам, як узгадаецца раптам эпізод пяцідзесяцітрохгадовае даўніны: 1970 год, будынак філфака Белдзяржуніверсітэта ў Мінску па вуліцы Чырвонаармейскай, першыя практычныя заняткі, бялява-жаўтлявавалосы хлопец-паляшук Іван за сталом наперадзе, з якім наканавана будзе вучыцца пяць гадоў у адной групе і які тады ўжо, падчас першага знаёмства, гэтак уразіў аднакурснікаў і выкладчыка дасціпнасцю і глыбінёю ведаў.

І вось, праз больш як паўстагоддзя, – гэты падрахунак. Не канчатковы, зразумела, а толькі, канешне ж, прамежкавы, з нагоды прыгожай даты – 70-годдзя, якое надарылася 10 верасня. Як гэта ўсцешна і здорава, калі Бог даў чалавеку талент, і чалавек не змарнаваў яго, не рассеяў пылам па пустых сцежках-дарожках, а распарадзіўся так, як і след разумнай істоце: сабе ды людзям на карысць. Так і надалей трымаць, Іван Фёдаравіч!

Франц СІЎКО, літаратар, г. Віцебск

https://zarya.by/news/community/praekt-jepoha-padzeja-asoba-ivan-shtjejner/