У выдавецкім доме «Гомельская праўда» выйшла кніга «Археологическое наследие Гомельской земли». Гэта зборнік артыкулаў па матэрыялах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла ў Гомелі 18–19 снежня мінулага года. Выданне прымеркавана да 65-годдзя з дня нараджэння Алега Анатольевіча Макушнікава.
Алег Анатольевіч быў чалавекам з шырокай душой
Без перабольшвання, з’яўленне гэтай кнігі можна назваць знакавай падзеяй у навуковым жыцці Гомельшчыны і Беларусі. Вынікі сваіх даследаванняў апублікавалі археолагі, гісторыкі, навуковыя супрацоўнікі, краязнаўцы, настаўнікі з Беларусі, а таксама расійскіх Бранска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Старонкі выдання змяшчаюць і цёплыя ўспаміны пра Алега Анатольевіча як пра надзейнага таварыша, мудрага настаўніка і таленавітага чалавека з шырокай душой. Матэрыялы навукоўцаў сабралі і падрыхтавалі да друку супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля на чале з вучоным сакратаром музея Дзмітрыем Ліндзянковым.
Алег Макушнікаў нарадзіўся 15 ліпеня 1960 года ў Гомелі, скончыў СШ № 10. Дарога ў навуку пачалася для яго ў школьныя гады з пошуку цікавых знаходак у гомельскім парку, а мара стаць археолагам прывяла на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1982 годзе. Затым была аспірантура Інстытута гісторыі АН БССР па спецыяльнасці «археалогія», дзе яго навуковым кіраўніком стаў Пятро Фёдаравіч Лысенка, доктар гістарычных навук, прафесар, будучы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, які займаўся вывучэннем Тураўскай зямлі.
У 1980 годзе наш зямляк правёў свае першыя афіцыйныя археалагічныя разведкі. На 1986 год прыйшліся першыя шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні Гомеля. Дзякуючы Алегу Анатольевічу, яго калегам і сябрам, іншым вучоным, не была згублена адзіная на ўсю Еўропу старажытная зброевая майстэрня, якая згарэла ў ХІІІ стагоддзі. Яна спецыялізавалася на вырабе і рамонце абарончага і наступальнага ўзбраення. Тое, што было знойдзена і пазней даследавана разам з рэканструктарам Юрыем Лупіненкам, «перапісала» навуковыя погляды на характар і месцы вытворчасці старажытнарускага наступальнага і абарончага ўзбраення. Аналагаў гэтай майстэрні дагэтуль не выяўлена ў археалагічных помніках Старажытнай Русі.
Алег Анатольевіч імкнуўся, каб гамяльчане ведалі гісторыю свайго горада, ганарыліся ёю. Паказаў, што Гомель нашмат старэйшы за дату першай згадкі ў летапісе пад 1142 годам. Даследаванні навукоўца далі магчымасць з упэўненасцю казаць, што тут жылі людзі ў V – VII стагоддзях і нават у бронзавым веку. У 1994 годзе выйшла кніга Макушнікава «В поисках древнего Гомия», праз некалькі гадоў – «Гомель с древнейших времен до конца XVIII в.: историко-краеведческий очерк». Гэта грунтоўнае даследаванне з рэдкімі дакументамі пра склад насельніцтва горада, яго канфесійную прыналежнасць. Вучоны дакладна лакалізаваў галоўныя вуліцы горада, храмы, а таксама населеныя пункты, што адносіліся да Гомеля, раскрыў працэс зараджэння і станаўлення старажытнейшага на паўднёвым усходзе Беларусі горада Гомія. Кніга ўжо пяць разоў перавыдавалася, выходзілі і дадатковыя наклады.
Алег Макушнікаў пасвячае студэнтаў
У 2009 годзе выйшла манаграфія «Гомельское Поднепровье в V – середине XIII вв.: социально-экономическое и этнокультурное развитие». Затым Макушнікаў абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў навуковую ступень доктара гістарычных навук. У 2016-м убачыла свет яго манаграфія «Гомельское Поднепровье в V – середине XIII вв. Социально-экономическая, этническая, культурная история».
Алег Макушнікаў працаваў загадчыкам сектара археалогіі абласнога краязнаўчага музея, некалькі гадоў узначальваў арганізаваны ім абласны археалагічны цэнтр. Працягнуў даследаванні і пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адшукваў і фіксаваў помнікі, каб яны не былі згублены для гісторыі. Педагагічную дзейнасць пачаў задоўга да прыходу на працу ў ГДУ імя Ф. Скарыны. На гістарычным факультэце ён выкладаў з 1993 года да канца свайго жыцця. Школьнікаў і студэнтаў, якія прымалі ўдзел у раскопках, узяў у «палон», захапіў гісторыяй. Пры археалагічным музеі-лабараторыі ГДУ стварыў Таварыства аматараў гісторыі і археалогіі, быў яго навуковым кіраўніком. У 2007 годзе поспехі гэтага аб’яднання адзначаны грантам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
в. Мохаў. Возера і Днепр. З сівых курганоў
Разведку і раскопкі гарадзішчаў, селішчаў, могільнікаў Алег Анатольевіч праводзіў практычна ва ўсіх раёнах нашай вобласці, вывучаў летапісныя гарады Гомель, Рэчыцу, добра ведаў археалогію Чачэрска. Нанёс на карту звыш 200 помнікаў, а з улікам адкрытых ім і ўлічаных раней аб’ектаў у Гомель-скім Падняпроўі было абазначана звыш 700 помнікаў. Пачынаючы з 2003 года пад кіраўніцтвам археолага Алега Макушнікава і гісторыка Васіля Сычова на працягу больш пятнаццаці гадоў даследаваўся Мохаўскі археалагічны комплекс у Лоеўскім раёне.
На падставе сваіх даследаванняў вучоны распрацаваў спецкурсы для падрыхтоўкі гісторыкаў ва ўніверсітэтах. Яго матэрыялы ўвайшлі ў падручнікі па гісторыі Беларусі, на аснове адкрыццяў створана частка экспазіцый музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Рэчыцкага краязнаўчага музея, археалагічнага музея-лабараторыі ГДУ імя Ф. Скарыны. Макушнікаву належыць канцэпцыя гісторыка-археалагічнага маршрута «Старажытны Гомій».
Ля сівых курганоў. На Мохаўскім возеры
У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца 90 справаздач у 104 тамах, якія падрыхтаваны Алегам Макушнікавым па выніках палявых археалагічных даследаванняў
У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца 90 справаздач у 104 тамах, якія падрыхтаваны Алегам Макушнікавым па выніках палявых археалагічных даследаванняў. Яны па-сапраўднаму з’яўляюцца залатым фондам беларускай археалагічнай навукі.
За плячыма Алега Анатольевіча больш за 40 палявых сезонаў і 110 экспедыцый. Шэраг пакаленняў гомельскіх гісторыкаў бязмерна ўдзячны за экспедыцыі, гэтую цудоўную школу жыцця. Справу Настаўніка сёння працягваюць вучні – прафесійныя археолагі, якія атрымліваюць Адкрытыя лісты (дазволы на правядзенне археалагічных работ): вучоны сакратар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Дзмітрый Ліндзянкоў, навуковы супрацоўнік прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Прыпяцкі» Арцём Гусеў і навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Вольга Дрэвіла.
Узгадваючы знакамітага даследчыка, адзначу, што Алег Макушнікаў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў на старонках «Гомельскай праўды» простай і даступнай мовай расказваў чытачам аб навуковых даследаваннях і таямніцах, якія адкрывала Гомельская зямля. Абласная газета была адзінай, якой навуковец давяраў інфармаваць грамадскасць аб важных і сенсацыйных адкрыццях, якія пазней увойдуць у кнігі і падручнікі па айчыннай гісторыі, а таксама ў фундаментальныя акадэмічныя выданні, у тым ліку міжнародныя. Прыемна, што і абласная газета, памятаючы пра такое сяброўства, знайшла археолага ў адзін яго з юбілеяў у полі і павіншавала вялікім нарысам «У пошуках Бацькаўшчыны», у якім распавядалася пра яго жыццёвы і навуковы шлях.
Справа Макушнікава працягваецца і ў папулярызацыі археалогіі сярод шырокіх колаў грамадства. Музейныя выставы, створаныя на аснове яго матэрыялаў, наведваюць тысячы людзей, для якіх гісторыя горада перастае быць сухім наборам дат.










