Ці лёгка знайсці адкрыццё ў звычайных словах, на якіх мы размаўляем штодня? Маладыя беларускія даследчыкі даказваюць: за кожным моўным брэндам або забытым слоўнікам хаваецца цэлы свет, варты навуковай працы. Сёлета на абласной канферэнцыі «Пошук» у Гомелі юныя лінгвісты прэзентавалі 12 унікальных даследаванняў, паказаўшы, што родная мова гучыць крэатыўна і сучасна.
Пра тое, як нараджаюцца сапраўдныя адкрыцці, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца маладыя навукоўцы і чаго ад іх чакаюць эксперты, – у нашым інтэрв'ю.
Погляд знутры: пра цяжкасці і метады маладых даследчыкаў.
- З якімі галоўнымі цяжкасцямі вы сутыкнуліся ў працэсе даследавання, і як іх пераадолелі?
- Галоўная цяжкасць - знайсці інфармацыю. Трэба прачытаць велізарную колькасць тлумачальных слоўнікаў і літаратуры, каб адшукаць менавіта тое, што табе патрэбна. Пры гэтым кожнае слова і кожны знойдзены факт неабходна падмацаваць сур'ёзнымі навуковымі матэрыяламі. Гэта вельмі карпатлівая праца, на якую сыходзіць не адзін месяц.
- Якія метады даследавання здаліся найбольш цікавымі ці нечакана эфектыўнымі?
- Супастаўляльна-параўнальны метад, напэўна, самы эфектыўны з усіх. Дзякуючы яму ты адразу бачыш адрозненні і разумееш, у які бок трэба паглыбляцца. Калі абмяжоўвацца толькі апісаннем або метадам выбаркі, многія важныя дэталі проста схаваюцца ад вока.
Экзамен на крэатыўнасць і валоданне словам: што кажуць эксперты?
Пра тое, што застаецца за кулісамі ацэнак, мы запыталіся ў старшыняў экспертнай камісіі, якія штогод адкрываюць новыя таленты.
- За гады правядзення конкурсу, як змяніліся працы навучэнцаў?
- Кожны год з'яўляецца ўсё больш крэатыўных тэм. Напрыклад, цяпер беларусы актыўна даследуюць мову ў кантэксце сучасных брэндаў. Вельмі прыемна бачыць, што школьнікі прыходзяць на канферэнцыю з глыбокім унутраным разуменнем: мову трэба не проста вывучаць па падручніках, ёю трэба жыць, валодаць і размаўляць па-беларуску.
- На што вы звяртаеце ўвагу ў першую чаргу пры ацэнцы працы? Навізна, логіка ці нешта іншае?
- Першае - гэта актуальнасць. Калі тэма ўжо даўно вывучана, праца ператвараецца ў звычайны пераказ, а нам цікавы менавіта пошук. Другі важны момант - валоданне словам. Мы заўсёды глядзім, каб навучэнцы не чыталі свой тэкст з лістка, а захапляльна расказвалі пра яго. Ну і, канешне, галоўны паказчык - гэта адказы на пытанні пасля выступу. Менавіта тады адразу відаць, наколькі чалавек сам гарыць сваёй тэмай і валодае матэрыялам.
Даведка «Пошуку»:
Навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў «Пошук» праводзіцца ў Беларусі з 2005 года (ля вытокаў яе стварэння - Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны). Сёлета абарона праектаў па прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных напрамках прайшла на базе Гомельскага інстытута развіцця адукацыі. Па выніках сустрэчы ўсе 12 удзельнікаў секцыі «Лінгвістыка» атрымалі каштоўныя парады для далейшага развіцця сваіх навуковых даследаванняў.
Матэрыял падрыхтавалі: Дзіяна СОБАЛЕВА, Анастасія БЕРНАДСКАЯ (Жур-31)










