У партнёрстве з Самарскім універсітэтам

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 28/02/2019 - 09:29

Гісторыю асваення касмічнай прасторы, найбольш значныя даследаванні ў галіне астраноміі і нябеснай механікі абмеркавалі на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Ф. Скарыны. Пазнавальную лекцыю для студэнтаў правёў супрацоўнік Самарскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта імя акадэміка С.П. Каралева Яўген Чурсін.

Космас – адна з самых папулярных і цікавых тэм для вывучэння. Не дзіўна, што нязменнай папулярнасцю ў гомельскіх студэнтаў-фізікаў карыстаюцца навучальныя курсы па асновах касмалогіі, астраноміі і астрафізікі. Даследаванні праводзяцца не толькі ў сценах ВНУ, але і за яго межамі, у партнёрстве з Самарскім універсітэтам – флагманам Расійскай авіякасмічнай галіны.

Супрацоўніцтву паміж двума універсітэтамі ўжо каля сямі гадоў. За гэтыя гады адточана практыка акадэмічнай мабільнасці, ёсць вопыт вядзення сумесных праектаў. Пры падтрымцы прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь 

самарскія спецыялісты наведваюць Гомель некалькі разоў на год: чытаюць лекцыі студэнтам, арганізуюць навукова-пазнавальныя семінары для школьнікаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гомельскай вобласці, праводзяць алімпіяды па фізіцы, хіміі, матэматыцы і іншых прадметах. Як правіла, пераможцы інтэлектуальных спаборніцтваў ўзнагароджваюцца пуцёўкамі на ўдзел у летняй альбо зімовай міжнароднай аэракасмічнай школе пры Самарскім універсітэце, атрымліваюць магчымасць паступіць у расiйскую ВНУ без уступных выпрабаванняў.

Як распавёў Яўген Чурсін, за гады супрацоўніцтва з беларускімі вну праведзена ўжо больш за 3 тысячы сумесных мерапрыемстваў. Такое ўзаемадзеянне выгадна для абодвух бакоў, тым больш што ў Беларусі не рыхтуюць спецыялістаў для касмічнай галіны.

Сёння ў Самарскім універсітэце навучаецца моладзь з больш чым 70 краін. Папоўніць шэрагі будучых авіяканструктараў можа і моладзь Гомельшчыны. Сумесная магістратура з ГДУ імя Ф. Скарыны пакуль толькі ў планах, аднак такая перспектыва падтрымліваецца бакамі, а значыць, яна цалкам здзяйсняльная.

Фотасправаздача
Краiна