Па праву памяці нашчадкаў

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 20/11/2023 - 09:56

Шматлікімі патрыятычнымі мерапрыемствамі адзначаюцца лістападаўскія дні ў сувязі з 80-мі ўгодкамі вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Безумоўна, не застаўся ў баку ад гэтай слаўнай гістарычнай падзеі і наш Гомельскі абласны музей ваеннай славы, які, у асобе Вікторыі Мікалаеўны Заяц, яшчэ раней чым за месяц запрасіў нашых студэнтаў на агляд відовішчнай імпрэзы, ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, што адбылася на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Партызанская крынічка” недалёка ад Чонак. І таму ў мінулую суботу, 18.11.2023, выкладчыкі і студэнты факультэта замежных моў, якія адгукнуліся на запрашэнне, арганізавана выехалі на мерапрыемства, якое ладзілася ў партызанскіх мясцінах пад кіраўніцтвам Канстанціна Сяргеевіча Мішчанкі, намесніка дырэктара названага музея, таленавітага, адданага сваёй справе чалавека. У адпаведнай форме старшага батальённага камісара 40-х гадоў мінулага стагоддзя Канстанцін Сяргеевіч паспяхова, з мастацкім густам (а ён, трэба сказаць, робіць усе гістарычныя імпрэзы ад душы) правёў чарговую захапляльную рэканструкцыю, выступаючы адначасова і аўтарам ідэі, і драматургам, і вядучым. Гэта ягоны ўладарны і нетаропкі камандзірскі голас лунаў над лесам, дзе ў якасці гасцей сабраліся сотні гледачоў з Гомельшчы і суседніх абласцей. Не забракла месца на гэтым незвычайным свяце і нашым выкладчыкам: разам са сваімі няўрымслівымі студэнтамі-першакурснікамі, паасабку і з сем’ямі, мерапрыемства наведалі: Алена Міхайлаўна Нарбут, Юлія Аляксандраўна Беразоўская, Таццяна Барысаўна Селядцова з мамай, Мікалай Сяргеевіч Касянок, Надзея Касап, Яна Лаўшук, трое студэнтаў з Падмаскоўя, якія з 17.10.23 праходзяць навучанне па абмену на нашым факультэце: Паліна Леўчанка, Ігар Зюлін і Андрэй Кліменка…

Непасрэдна перад рэканструкцыяй, якая ўвогуле стала магчымай дзякуючы дырэктару музея Артуру Алегавічу Карчэўскаму, для нашай шматлікай групы была арганізавана змястоўная экскурсія па зямлянках, на якой мы даведаліся пра спецыфіку партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі, пазнаёміліся з няпростым ваенным бытам партызан, з умовамі, у якіх прыйшлося не толькі выжываць удзельнікам айчыннага супраціўлення, але і аказваць сур’ёзны ўплыў на ход вайны.

Сама ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная 80-й гадавіне Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі пад камандаваннем К.К.  Ракасоўскага, адзначалася, як мы потым усвядомілі, грунтоўнай папярэдняй падрыхтоўкай, пра што сведчылі складаныя, з інжынернага гледзішча, дэкарацыі: панарама вёскі, дакладныя макеты вясковых хат, прыцярушаныя першым лістападаўскім снегам (які ў лесе, на шчасце, затрымліваецца даўжэй, чым у горадзе), калодзеж-журавель, зробленыя з густам фартыфікацыйныя ўмацаванні “акупантаў”, нямецкая камплектная гармата, якая яшчэ здольная страляць і сёння, кулямёты, разнастайная стралковая зброя.

Прыкладам сапраўднай самаадданасці з’явіліся руплівыя адносіны да даручанай справы навуковага супрацоўніка Дзмітрыя Валер’евіча Горбаля, які прысвяціў апошнія два тыдні падрыхтоўцы дэкарацый, па-майстэрску кіраваў атрадамі валанцёраў і нават правёў ноч у лесе на “Крынічцы” напярэдадні свята, каб усё задуманае давесці да розуму…

 

Па адкрытай мясцовасці зладжана рухалалася самая разнастайная вайсковая тэхніка, было задзейнічана больш за 60 рэканструктараў – сапраўдных заўзятараў і аматараў ваеннай гісторыі – з розных патрыятычна-выхаваўчых устаноў Беларусі: з клубу ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць” (г. Гомель), з ваенна-гістарычных клубаў: “Гарнізон” (г. Брэст), “Штрафбат” (г. Гомель), “Фарпост” (г. Мазыр), “Нашчадкі” (г. Мінск), “Разведрота” (г. Гомель), “Міратворац” (г. Светлагорск), “Апошні рубеж” (г. Магілёў), “Юнона” (г. Гомель), з гісторыка-патрыятычнага аб’яднання і клуба ваеннай рэканструкцыі “Будзем помніць”, ваенна-гістарычнага клуба “Гомельскі рубеж”, навучэнцы і выкладчыкі гімназіі з Хойнікаў, навучэнцы школ № 47 і № 67 г. Гомеля, вучні Малейкаўскай школы Брагінскага раёна, навучэнцы школ № 3 і №16 г. Мазыра.

Асобна адзначым, што выключны талент праявілі і піратэхнікі, дакладна разлічыўшы неабходную моц выбуховых матэрыялаў і бяспечную адлегласць ад гледачоў да тых аб’ектаў, што мелі разляцецца пасля выбухаў на кавалкі.  

Што яшчэ прыцягнула ўвагу ўсіх без выключэння удзельнікаў і гасцей, акрамя экскурсій і рэканструкцыі? Справа ў тым, што пасля гэтага эмацыянальнага відовічша ўсе хуценька, подбегам, пайшлі-пабеглі здавацца на міласць несамавітых кухарак Ніны Міхайлаўны Марозавай і Кацярыны Мельнікавай. Гэта яны прыгатавалі ў палявой кухні два гатункі (пярловай і грэцкай) духмянай, шчодрай на мяса кашы, якой з задавальненнем мы частаваліся на свежым паветры ў чонкаўскім курортным сасонніку... 

Усе нашыя наведвальнікі – выкладчыкі і студэнты факультэта замежных моў – выказваюць словы шчырай падзякі  дырэктару музея Артуру Алегавічу Карчэўскаму, які паспяхова вырашыў усе тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні,  экскурсаводам і гісторыкам, дзяўчатам і хлопцам – усяму калектыву Гомельскага абласнога музея баявой славы, пачынаючы ад дакладных, ветлівых вадзіцелей і зычлівых касіраў да навуковых супрацоўнікаў і кіраўніцтва музея – усім стваральнікам гэтага яскравага, незабыўнага відовішча, што ўразіла нас назаўжды!

 

Намеснік дэкана
па выхаваўчай рабоце
факультэта замежных моў  Р.У. Серыкаў

Падраздзяленнi