Дзень ведаў – свята, якое аб’ядноўвае і натхняе!

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Mon, 09/06/2021 - 12:13

У Гомельскiм дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года.  Дзень ведаў – незвычайнае свята для кожнага чалавека. Яно аб’ядноўвае агульным хваляваннем вучняў і іх бацькоў, выкладчыкаў і студэнтаў.

Асабліва хвалюючым гэты дзень стаў для першакурснікаў.  Павіншаваць новае пакаленне студэнтаў прыйшлі рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў, прарэктары, кіраўнікі падраздзяленняў, вядучыя вучоныя ўніверсітэта – члены-карэспандэнты НАН Беларусі, выкладчыкі і старшакурснікі. Безумоўна, на лінейцы прысутнічалі і дэканы ўсіх факультэтаў, апранутыя ў мантыі – сімвал прыналежнасці да міжнароднай навуковай супольнасці.

Першым да ўчарашніх абітурыентаў звярнуўся рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў: “Ва ўніверсітэце ёсць усё для таго, каб атрымаць якасныя веды, адбыцца як прафесіянал і асоба. Шукайце сябе ва ўсіх сферах жыцця – навуцы, спорце, творчасці!”.

Своеасаблівым урокам памяці для першакурснікаў стала ўрачыстае ўскладанне кветак да мемарыяльных дошак заслужаных акадэмікаў і ганаровых прафесараў ГДУ, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, франтавікоў Уладзіміра Анічэнка, Івана Харламова і Міхаіла Дзмітрыева.

Па традыцыі на святочным мерапрыемстве першакурснікам былі перададзены сімвалічны студэнцкі білет і ключ ведаў, удзельнікі студэнцкага клуба падрыхтавалі творчы  нумар. У добры шлях, дарагія першакурснікі!