У ГДУ імя Францішка Скарыны адбыўся юбілейны турнір па ушу на кубак Інстытута Канфуцыя

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 02/02/2026 - 11:31

30 студзеня ў спартыўнай зале корпуса № 1 Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прайшоў V юбілейны адкрыты турнір па ушу на кубак Інстытута Канфуцыя. Традыцыйныя спаборніцтвы аб'ядналі больш за 50 юных спартсменаў ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў - навучэнцаў школ Гомеля і Гомельскай вобласці.

Удзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, тэхнічнае майстэрства і імкненне да перамогі. Праграма турніру была пашырана: акрамя індывідуальных выступленняў, гледачам былі прадстаўлены і парныя комплексы, што зрабіла спаборніцтвы больш насычанымі і відовішчнымі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнуліся дырэктар Інстытута Канфуцыя з кітайскага боку Чжан Айцзюнь і прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ імя Ф. Скарыны Ю. В. Нікіцюк. У сваіх выступленнях яны падкрэслілі значэнне турніру для развіцця спартыўных традыцый, а таксама ўмацавання культурных і адукацыйных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, пажадаўшы спартсменам паспяховых і яркіх выступленняў.

Святочную атмасферу мерапрыемства дапоўнілі творчыя нумары выкладчыкаў кітайскай мовы: музычная кампазіцыя на традыцыйных кітайскіх інструментах і танец з драконамі ў нацыянальных строях.

Па выніках спаборніцтваў пераможцам у камандным заліку стала гомельская каманда юных ушуістаў "Ван Шан", якая заваявала кубак Інстытута Канфуцыя. Удзельнікі, якія паказалі высокія вынікі ў індывідуальных выступах, былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі Інстытута Канфуцыя і памятнымі падарункамі.

Арганізацыю і правядзенне турніру забяспечыла Гомельская абласная федэрацыя ушу пад кіраўніцтвам старшыні і галоўнага суддзі спаборніцтваў У. І. Голды. Турнір праводзіцца з 2019 года і па праве лічыцца адной са значных спартыўных падзей для школьнікаў Гомеля, якія захапляюцца ушу, а таксама важнай часткай спартыўнага і культурнага жыцця ўніверсітэта.