Эканамічная эрудыцыя вітаецца (Сайт «ng-press.by»)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - вт, 24/05/2022 - 15:48

Адкрыты эканамічны конкурс “У свеце эканомікі” прыцягнуў увагу вялікай колькасці абітурыентаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш за 150 чалавек.

Удзельнікамі сталі навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (40 чалавек), а таксама ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі (111 чалавек).

Намеснік дэкана эканамічнага факультэта па прафарыентацыйнай рабоце Наталля Шалупаева расказвае, што ў конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі не толькі Гомеля і Магілёва, але і райцэнтраў Гомельшчыны:

— Удзельнічалі дзеці з Хойнікаў, Рэчыцы, Нароўлі, Мазыра, Жлобіна, Светлагорска, Жыткавіч, Петрыкава, Добруша, Лоева, з розных вёсак Гомельскай вобласці. Мы праводзілі конкурс у вочна-завочнай форме ў два туры па чатырох блоках: “Эканамічная тэорыя”, “Маркетынг”, “Фінансы” і “Эканамічная інфарматыка”. Першы тур прадугледжваў завочны ўдзел на платформе Moodle і ўключаў заданні даследчага і творчага характару. У фінальным туры ў сценах універсітэта маладыя людзі выконвалі тэставыя заданні, якія закранаюць асноўныя пытанні тэорыі і практыкі па кожным з чатырох кірункаў. Усе прадэманстравалі добрыя тэарэтычныя веды, цікавыя практычныя падыходы да рашэння задач і высокі ўзровень эканамічнай эрудыцыі.

Вынікі конкурсу падведзены, лепшыя ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды: дыпломы, кубкі і каштоўныя прызы ад інфармацыйнага партнёра конкурсу РУП “Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта”. У намінацыі “Установы агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі” 1-е і 2-е месцы занялі Дар’я Кісялёва і Кірыл Левін. Абодва вучацца ў сярэдняй школе № 11 Мазыра. На 3-м месцы Караліна Федасеева, якая прадстаўляла Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй. 

У намінацыі “Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі” ўсе тры лідары вучацца ў Гомельскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы: Настасся Саладухіна, Паліна Курнасенка і Карына Махавікова.

— Вядома, мы расказалі падлеткам пра тыя магчымасці, якія дае навучанне на эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, — адзначае Наталля Шалупаева. — Гэта атрыманне прэстыжнай эканамічнай адукацыі з паглыбленым вывучэннем камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій, замежнай мовы, прававога забеспячэння гаспадарчай дзейнасці. У будучых эканамістаў мы фарміруем веды і навыкі ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, якія неабходны для арганізацыі бізнесу і самазанятасці. Да адукацыйнага працэсу прыцягваем вядучых спецыялістаў. Нашы студэнты маюць магчымасць стажыроўкі ў беларускіх і замежных вышэйшых навучальных установах. Навучанне на нашым факультэце — практыка-арыентаванае. Дзеці практыкуюцца ў розных арганізацыях Гомельскай вобласці. 

Удзел у навукова-даследчай рабоце, алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню толькі вітаецца. Ну а самыя моцныя студэнты выкарыстоўваюць магчымасць працягу навучання на другой ступені атрымання вышэйшай адукацыі — у магістратуры.

Сёлета на эканамічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны набор будзе ажыццяўляцца па чатырох спецыяльнасцях дзённай формы навучання: “Бізнес-адміністраванне”, “Эканамічная інфарматыка”, “Фінансы і крэдыт”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Апошнія тры ёсць і на завочнай скарочанай форме навучання для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Завочнікі таксама могуць атрымаць спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у камерцыйных і некамерцыйных арганізацыях”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГДУ імя Францыска Скарыны.

https://nastgaz.by/ekanamichnaya-erudytsyya-vitaetstsa/