24 кастрычніка 2024 г. студэнты групы ФІН -21 разам з выкладчыкам, прафесарам В. С. Новак наведалі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Экскурсавод, выпускніца філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, Валянціна Міхайлаўна Сачук пазнаёміла з экспанатамі розных залаў музея. Спачатку прагучаў аповед пра трох святых (Варвару, Міколу і Зосіма), а затым пра створку царскіх варот XVll ст. і пра Евангелле. Было цікава пачуць і пра семантыку крыжа ў зале, дзе была прадстаўлена выстава пад назвай "Шлях крыжа". У зале "Жывое рамяство" паказалі, як раней ткалі, а таксама патлумачылі, як называліся часткі ткацкага станка, напрыклад, бёрда, ніты, чаўнок, панажы і г. д. Студэнты Атабалыеў Нагмат, Несцярчук Валерыя, Хачыян Арсеній нават паспрабавалі самі навучыцца гэтаму рамяству. Шмат інфармацыі гучала пра палявыя экспедыцыі музейных супрацоўнікаў, іх цікавыя звесткі пра абрады і звычаі нашых продкаў. Можна выказаць меркаванне, што далучэнне да з'яў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў не пакінула раўнадушнымі наведвальнікаў. Захаванне народнай спадчыны і памяць пра народныя традыцыі - надзвычай важныя моманты ў фарміраванні павагі да традыцыйнай культуры беларусаў.