Памяці Макушнікава Алега Анатольевіча

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - чт, 04/11/2021 - 16:10

4 лістапада 2021 года на 62-м годзе жыцця спынілася сэрца Алега Анатольевіча Макушнікава, вядомага беларускага археолага, гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Макушнікаў Алег Анатольевіч
1960-2021

Алег Анатольевіч нарадзіўся 15 ліпеня 1960 г. у Гомелі. У 1982 г. з адзнакай скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, затым аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Ніжняе Пасожжа ў другой палове I тыс. н. э.». Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара і аддзелам Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, дырэктарам Гомельскага абласнога археалагічнага цэнтра. У 1995 г. А.А. Макушнікаў перайшоў на працу ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, дзе працаваў да цяперашняга часу. У 2011 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Сацыяльна-эканамічнае і этнакультурнае развіццё Гомельскага Падняпроўя ў V-XIII стст.», а ў 2012 г. Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь надала яму вучоную ступень доктара гістарычных навук.

А.А. Макушнікаў з'яўляўся прызнаным спецыялістам у галіне археалогіі і гісторыі старажытнага Гомеля і Паўднёва-Усходняй Беларусі. Ён аўтар звыш 300 навуковых і навукова-папулярных работ, у тым ліку кніг "У пошуках старажытнага Гомія", "Гомель са старажытных часоў да канца XVIII стагоддзя: гісторыка-краязнаўчы нарыс" (вытрымала некалькі перавыданняў), а таксама манаграфіі "Гомельскае Падняпроўе ў V - сярэдзіне XIII стст. : сацыяльна-эканамічнае і этнакультурнае развіццё» (2009 г.).

А.А. Макушнікаў унёс вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага нашай краіны, а таксама падрыхтоўку спецыялістаў у галіне археалогіі, гісторыі, музейнай справы і турызму. Многія гады ён з'яўляўся кіраўніком археалагічных экспедыцый на тэрыторыі Гомельскай вобласці, удзел у якіх прымалі студэнты і выпускнікі гістарычнага факультэта.

Прафесарска-выкладчыцкі калектыў і студэнты факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Светлая памяць аб А.А. Макушнікаве захаваецца ў нашых сэрцах!

Калектыў факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый

https://newsgomel.by/news/society/na-62-m-godu-ushyel-iz-zhizni-glavnyy-arkheolog-gomelshchiny-oleg-makushnikov_70729.html

Фотоотчёт
Видео